Мінчанін ледзь не давёў да слёз махляроў
5- 8.05.2026, 12:21
- 3,198
Зламыснікі пакрыўдзіліся.
Эпідэмія тэлефонных махляроў не тое што не ідзе на спад, наадварот — пашыраецца. Толькі 5 мая ў міліцыю паступіла звыш 500(!) паведамленняў пра званкі ад «дамофоншчыкаў», з «вадоканала» і нават з «паліклінікі». І гэта за адны суткі. Уяўляеце, які штат супрацоўнікаў на тым канцы провада? З чарговым аферыстам, які спрабаваў правярнуць цэлую аперацыю з кодам з чатырох лічбаў, давялося пагутарыць мінчаніну Алегу. На шчасце, малады чалавек адразу зразумеў, з кім мае справу, і проста цягнуў час, чым вельмі пакрыўдзіў махляра.
— Вось так разводзяць махляры. Вельмі тэмпераментныя людзі, трэба сказаць, — распавёў журналістам onliner.by Алег. — Нумар тэлефона, з якога званілі, адкульсьці з Ліпецка. А галоўнае, што код сапраўды прыйшоў у Viber — ці то ад «Белпошты» (нібыта), ці то ад «Белтэлекама», дакладна не запомніў, бо амаль адразу выдаліў.
Бяседа паміж махляром і патэнцыйнай ахвярай пачалася нязмушана. Спецыяліст з «дамофоннай» кампаніі павітаўся, прадставіўся, патлумачыў, што на заўтра прызначаны мантаж новага дамофона, і ўдакладніў, колькі ключоў трэба Алегу. Мінчанін папрасіў пяць штук.
— Пяць ключоў выдаецца бясплатна. Вам ключы куды занесці — у кватэру ці пакінуць у паштовай скрыні? — пацікавіўся нехта Аляксандр. Бакі сышліся на варыянце паштовай скрыні.
Тут бы і скончыць размову. Пытанне ж вырашана. Але не: аказваецца, у бліжэйшыя два дні (пакуль ключоў няма) трапіць у пад'езд можна будзе толькі па кодзе для дамофона.
— Заўтра ў вас код ад дамофона зменіцца, бо раней у вас быў адзін код на ўвесь пад'езд. А цяпер для кожнай кватэры будзе індывідуальны. Таму, будзьце ласкавы, вазьміце лісток і ручку і запішыце камбінацыю, — усё яшчэ максімальна ветлівы махляр.
— Ды ў нас усё роўна дзверы адчыненыя — ідзе капітальны рамонт, — патлумачыў Алег.
Але такі адказ «дамофоншчыку» не спадабаўся, і ён вырашыў даслаць вельмі важны код на тэлефон. І адразу папрасіў яго агучыць. Мінчанін, у сваю чаргу, вырашыў памурыжыць махляра: маўляў, я за рулём, паглядзець код не магу.
— Перазваніць вам? Добра. Я скідваю званок. Вы, калі ласка, прагледзьце камбінацыю. Яна будзе складацца з чатырох лічбаў. Вам прыйдзе паведамленне ад кампаніі «Белпошта», бо яны з намі супрацоўнічаюць і займаюцца рассылкай. Я вам ператэлефаную праз хвіліну, каб пераканацца, што ў вас усё ёсць, — заліваў Аляксандр.
Аднак Алег працягваў «марынаваць» махляра, адмаўляючыся агучыць код. Той пачаў адкрыта кіпяціцца.
— Алег, падкажыце, з вамі ўсё добра?
— Я за рулём, вы мяне адцягваеце.
— Назавіце камбінацыю, замацую за вашай кватэрай. Прычым тут тое, што вы за рулём? — ужо крычыць (і ледзь не плача) махляр.
— Хлопцы, мне ваш гэты развод не цікавы. Да пабачэння.
— Ааааа, дык вось... У чым тут развод, падкажыце.
— Вы тэлефануеце нават не з Беларусі, хлопцы, вы зусім не шыфруецеся.
— Алег, я вас зразумеў. Калі ў вас былі сумневы, чаму вы іх адразу не агучылі. Чаму вы падманваеце пра машыну... — пакрыўдзіўся за страчаны час «дамофоншчык». — Не магу зразумець, навошта вы такі дзіцячы сад уладкоўваеце.
— А вы навошта спрабуеце мяне падмануць, — завяршыў размову мінчанін.