У Эстоніі назвалі галоўныя апасенні Пуціна перад 9 маем
- 8.05.2026, 12:45
- 1,578
Гаворка ідзе не толькі пра магчымую атаку з паветра.
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін баіцца, што Украіна 9 мая нанесце паветраны ўдар па ваенным парадзе ў Маскве. Такога меркавання прытрымліваецца міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна, піша ERR.
Цахкна падкрэсліў, што Пуцін у аднабаковым парадку абвясціў пра перамір’е з Украінай на 8–9 мая, паколькі баіцца удараў украінскіх БПЛА далёкага радыуса дзеяння па ваенным парадзе на Чырвонай плошчы ў Маскве.
На думку эстонскага міністра, у пуцінскім «перамір’і» няма ніякага стратэгічнага сэнсу. Тлумачэнне «перамір’я» Пуціна ў тым, што ён напалоханы магчымым зрыўам гэтага мерапрыемства.
Міністр замежных спраў Эстоніі выказаў здагадку, што Пуцін таксама баіцца замаху на яго. Акрамя таго, гаспадар Крамля баіцца дзяржаўнага перавароту, які могуць учыніць незадаволеныя расійскія эліты або сілавікі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней таксама казаў, што Пуцін абвясціў пра перамір’е з-за страху перад атакамі ЗСУ. Ён лічыць перамір’е на 8–9 мая тактычнай хітрасцю Крамля, каб Расія магла ў спакойнай абстаноўцы, не баючыся удараў ЗСУ, правесці ваенны парад у Маскве.
Заўважым, што хоць Пуцін і абвясціў у аднабаковым парадку пра перамір’е з 8 мая, але расійскія акупанты першымі яго не сталі выконваць. Паводле слоў Зяленскага, уначы 8 мая на фронце вораг 10 разоў штурмаваў пазіцыі ЗСУ і выкарыстаў некалькі соцень БПЛА розных тыпаў.