Эксперты пагоршылі прагноз па эканоміцы Беларусі
- 16.06.2026, 17:32
Асноўнымі прычынамі называюць санкцыі і спад у Расіі.
Еўразійскі банк развіцця і Венскі інстытут міжнародных эканамічных даследаванняў панізілі прагноз росту беларускай эканомікі. І гэтыя паказчыкі істотна ніжэйшыя за чаканні ўладаў у Мінску, якія ўпарта адмаўляюцца карэктаваць свае планы, піша «Белсат».
У студзені Венскі інстытут міжнародных эканамічных даследаванняў (WIIW) прагназаваў, што ў гэтым годзе беларуская эканоміка вырасце на 1,3%. Цяпер інстытут знізіў прагноз да 0,8%.
У наступным годзе, як чакае інстытут, ВУП вырасце на 1,4%, а ў 2028 годзе – на 1,3%.
Днямі абноўлены макраэканамічны прагноз апублікаваў і Еўразійскі банк развіцця. Установа таксама перагледзела чаканні па Беларусі. Цяпер там лічаць, што рост эканомікі ў бягучым годзе складзе 1,3%, хоць раней чакалася 1,8%.
«Рост эканомікі на ўзроўні 1,3% прагназуецца на фоне павелічэння рэальных даходаў насельніцтва, станоўчай дынамікі інвестыцый, паступовага змякчэння крэдытных умоў і пашырэння экспарту паслуг. Інфляцыя ў Беларусі працягне запавольвацца і не перавысіць мэтавы ўзровень у 7% у 2026 годзе. Яе запаволенне звязанае з моцным курсам беларускага рубля і адміністрацыйным рэгуляваннем цэн», – патлумачылі ў ЕАБР.
Раней свае прагнозы па росту беларускай эканомікі ў бягучым годзе панізілі і шэраг іншых міжнародных фінансавых інстытутаў: Сусветны банк – з 1,3% да 1,1%, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця – з 1,3% да 1,1%, Міжнародны валютны фонд – з 1,4% да 1,2%.
Даследчы цэнтр BEROC прагноз не змяняе і па-ранейшаму чакае ўсяго 1%.
Галоўныя прычыны такога вялага росту, якія называюць эксперты, – санкцыі супраць Беларусі і спад у Расіі, ад якой наша краіна вельмі моцна залежыць: вышэй галавы свайго галоўнага партнёра скочыць даволі цяжка.
Пры гэтым улады Беларусі плануюць, што эканоміка вырасце на 2,8%, і ад гэтай мэты не адмаўляюцца.