Пры выездзе з Беларусі ў РФ пачалі кантраляваць колькасць паліва ў каністрах
4- 23.06.2026, 19:02
- 3,412
Утварыліся чаргі.
Пры выездзе з Беларусі ў Расію пачалі больш уважліва аглядаць багажнікі і кантраляваць колькасць паліва ў каністрах, паведамляе MAYDAY TEAM.
Паводле закону, у Беларусі грамадзяне маюць права перавозіць у металічных каністрах (савецкага ўзору) не больш за 100 літраў запаснога паліва. У Расіі норма вышэйшая — да 240 літраў паліва ў металічных каністрах аб’ёмам не больш за 60 літраў кожная. Афіцыйна паміж Беларуссю і Расіяй мяжы няма, але фактычна памежны кантроль з боку РФ ажыццяўляецца ўжо каля 10 гадоў. Абмежаванне па паліве дзейнічае ў межах правілаў перавозкі гаручага ў асабістым аўтамабілі (паводле пагаднення ДОПОГ).
Мінулымі выхаднымі сілавікі пачалі больш уважліва правяраць багажнікі, у тым ліку звяртаючы ўвагу на колькасць перавозімага паліва. Акрамя таго, расійскія аўтааматары пачалі скупляць у памежных крамах металічныя 20-літровыя каністры аптовымі партыямі. У паліэтыленавых каністрах перавозіць паліва праз мяжу забаронена.
Пра тое, што расіяне пачалі вазіць беларускі дызель у каністрах праз мяжу, праваабаронцы паведамлялі яшчэ 12 чэрвеня. Доўгі час памежнікі (і іншыя ведамствы) закрывалі на гэта вочы. У той жа час на розных памежных пераходах сітуацыя розная. Напрыклад, у раёне КПП «Рудня» паліва ёсць на ўсіх трох АЗС «Роснефти» і «Газпромнефти». Таксама без праблем можна заправіцца на трасе Смаленск — Масква, аднак калі з’ехаць на другарадныя дарогі, там сітуацыя зусім іншая.