Фарс у трох актах
5- Алеся Матусевіч
- 23.06.2026, 19:17
- 7,058
Як жыхароў Гомельшчыны рыхтуюць да таго, што «ўсё ідзе паводле плана».
23 чэрвеня кіраўнік Беларусі ўсё ж такі адрэагаваў на патрабаванні з Кіева. Праўда, даволі своеасабліва. Атрымаўся фарс у трох актах.
Лукашэнка перадаў праз свайго ж прызначэнца па Гомельскай вобласці жыхарам рэгіёна просьбу «не хвалявацца і не непакоіцца». Прагучала як тонкі намёк, што ўсё ідзе па курсе расійскага ваеннага карабля, «але вы трымайцеся».
Пры гэтым нібы між іншым высветлілася, што сам Лукашэнка адлятае. На жаль, не назаўсёды, але надоўга: як мінімум, сустрэцца з Пуціным, а больш «народцу» ведаць не належыць. Праўда ж, вельмі супакойвае?
Але вішанькай на торце стала навіна пра магчымыя выбухі — у Віцебску і ў Рэчыцы. Там, паведамілі мясцовыя ўлады, пройдуць планавыя тактыка-спецыяльныя вучэнні, таму «могуць быць чутныя выбухі і стрэлы, просьба захоўваць спакой». Вось пасля гэтага моцны спакойны сон жыхарам Гомельшчыны дакладна гарантаваны (шыльдачка «сарказм»).
Словам, Лукашэнка зрабіў усё, што мог, каб расчысціць Украіне поле для «прымусовага адключэння» рэтранслятараў. Усіх папярэдзіў, падрыхтаваў, супакоіў. Хіба што чырвоныя стрэлкі на картах буйным планам не паказаў.
Як тут не ўзгадаць байку пра праверку на будоўлі, дзе на вачах здзіўленай камісіі рухнула палова будынка. Але адзін з рабочых паглядзеў на гадзіннік і ўпэўнена заявіў: «Дванаццаць нуль-нуль, дакладна паводле графіка!»
Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»