Z-патрыёт Стралкоў: Дзе былі нашыя мазгі? Куды глядзела наша разведка?
10- 25.06.2026, 17:41
- 6,948
Для Расіі ўсё значна горш, чым можна было меркаваць.
Ігар Стралкоў (Гіркін) пракаментаваў нядаўні налёт украінскіх БПЛА на Маскву. Ён назваў тое, што адбылося, «найнебяспечнейшым сімптомам» і прагназаваў паўтарэнне 1917 года. Каментар акупанта быў апублікаваны 24 чэрвеня на ягоным канале ў Telegram.
«Гэта не проста «трывожны званочак», а куды горш — гэта найнебяспечнейшы сіндром. Бо азначае, што мы не здольныя прыкрыць стратэгічна важныя аб’екты ў самым абароненым горадзе краіны», — напісаў Стралкоў.
Ён задаўся рыторычным пытаннем: што будзе, калі разам з дронамі на Маскву паляцяць украінскія ракеты. А гэты момант, упэўнены ён, ужо «не за гарамі».
Дыверсант прызнаў, што Украіна здолела стварыць надзейную і эфектыўную сістэму вытворчасці паветранай баявой тэхнікі. Расійская СПА не ў стане яе падавіць.
«Дзе былі нашыя стратэгічныя мазгі? Куды глядзела і што дакладвала наша праслаўленая разведка? (…) Як так атрымалася, што на 5-ы год вайны вораг не толькі зноў заваяваў малое неба над лініяй фронту, але і расцягнуў зону сваёй паветранай перавагі на глыбіню 150 і больш кіламетраў за згаданай лініяй?» — піша Стралкоў.
Ён адзначыў, што Расія, маючы перавагу ў дальнабойнай авіяцыі і ракетах, не здольная паўтарыць поспех Украіны:
«Памятаю, як адкрыта смяяліся з мяне, калі я прадказваў наш ганебны і надзвычай цяжкі фінал у сірыйскай авантуры. І такія ж мае асцярожныя перасцярогі пра тое, што вайна з Украінай дакладна не будзе лёгкай прагулкай… І што? Атрымалася нават на парадак горш, чым я сам адважваўся меркаваць».