Андрэй Сібіга: Украіна будзе прымаць сіметрычныя меры ў адказ на дзеянні Мінска
- 26.06.2026, 18:38
- 1,082
Кіеў уважліва сочыць за ўсімі патэнцыйнымі пагрозамі з боку рэжыму Лукашэнкі.
Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга заявіў, што Кіеў будзе дзейнічаць паводле прынцыпу «сіметрычнага адказу» на магчымыя крокі Беларусі. Паводле яго слоў, Украіна пакуль не чакае непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне, але уважліва сочыць за ўсімі патэнцыйнымі пагрозамі.
Андрэй Сібіга адзначыў, што Кіеў зыходзіць з таго, што беларускія ўлады не будуць уцягвацца ў вайну, бо разумеюць, што любыя варожыя дзеянні атрымаюць адпаведны адказ.
Ён таксама паведаміў, што напярэдадні Беларусь накіравала праз украінскае пасольства ў Мінску ноту з прапановай увесці пэўны асаблівы рэжым наведвання памежнай зоны — дазволіць украінцам збіраць грыбы і ягады на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым, паводле слоў Сібігі, у дакуменце ёсць спасылкі на пагадненні, якія ўжо не дзейнічаюць, бо Украіна выйшла як з адпаведных дакументаў СНД, так і з двухбаковых дамоўленасцяў з Беларуссю. Дзяржаўная памежная служба Украіны ўжо афіцыйна паведаміла, што не зацікаўленая ў гэтай прапанове.
Міністр дадаў, што украінскія разведвальныя і іншыя службы пастаянна кантралююць сітуацыю ў Беларусі. Паводле яго слоў, яны аналізуюць змены ў беларускім заканадаўстве, рэарганізацыю вайсковых падраздзяленняў, колькасць войскаў каля ўкраінскай мяжы, сумесныя мерапрыемствы Беларусі і Расіі, а таксама магчымасць выкарыстання беларускай інфраструктуры для нападу на Украіну.
Сібіга падкрэсліў, што папярэджанні, якія агучвае прэзідэнт Украіны, не з’яўляюцца пустымі заявамі, і беларускія ўлады павінны гэта ўсведамляць.