Расійскага вайскоўца, які абяцаў Пуціну новы «марш Прыгожына», арыштавалі
14- 28.06.2026, 8:14
- 8,066
Пасля ад’езду ў Маскву ён перастаў выходзіць на сувязь.
Расійскі блогер і вайсковец Аляксандр Лунін, які публічна звярнуўся да дыктатара Уладзіміра Пуціна з пагрозай магчымай новай акцыі вайскоўцаў Узброеных Сіл РФ на Крэмль, быў арыштаваны. Перад гэтым сілавікі правялі вобшук у яго доме.
Неўзабаве пасля ад’езду Луніна ў Маскву ён перастаў выходзіць на сувязь, а пазней з’явілася інфармацыя пра яго затрыманне сілавікамі. Пра гэта ў тэлеграм-канале, які належыць Луніну, увечары 27 чэрвеня паведаміў нібыта сябар сям’і.
У паведамленні гаворыцца, што сам Аляксандр нібыта «жывы і здаровы», аднак знаходзіцца пад вартай. Яго прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і арыштавалі на 11 сутак.
Расійскае СМІ «Дождь» раней паведамляла, што жонка Луніна Таццяна публікавала ў сацсетках відэаролік, у якім распавядала пра вобшукі ў іх доме. Таксама яна казала, што Аляксандр перастаў выходзіць на сувязь пасля ад’езду ў Маскву.
Паводле слоў Таццяны, у ноч пасля таго, як яе муж з’ехаў, у іх дом прыйшлі супрацоўнікі сілавых структур. Яны нібыта «канфіскавалі ўсё», у тым ліку флэшкі, камп’ютары, ноўтбукі, дыск і нават нунчакі.
Гэты відэаролік з’явіўся ў TikTok у суботу, аднак прыкладна праз гадзіну з невядомых прычын Таццяна выдаліла яго з сацсетак. Затым на канале блогера з’явіўся пост пра яго затрыманне, а жанчына апублікавала на сваёй старонцы паведамленне пра тое, што мужчына «жывы і здаровы». Аднак падрабязнасці застаюцца невядомымі.
Нагадаем, 25 чэрвеня ў сетцы стаў вірусным відэаролік, у якім расійскі вайсковец і блогер Аляксандр Лунін звярнуўся да Пуціна, заклікаўшы яго на асабістую сустрэчу, каб адкрыць яму вочы на рэальную сітуацыю ў вайне РФ супраць Украіны. Ён таксама заявіў, што калі расійскі дыктатар на гэта не пагодзіцца, то армія РФ «накіруе сваю зброю супраць Крамля».