У Беларусі абнавіўся абсалютны тэмпературны рэкорд
- 29.06.2026, 15:44
- 2,262
Які горад разагрэўся мацней за ўсё.
У Беларусі ўстаноўлены новы абсалютны тэмпературны рэкорд за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Удзень 29 чэрвеня, як паказала карта маніторынгу Белгідрамета, у Пінску паветра прагрэлася да +39,4°C.
Папярэдні максімум трымаўся амаль 16 гадоў. Яго зафіксавалі 8 жніўня 2010 года ў Гомелі, дзе слупкі тэрмометраў падняліся да +38,9°C. Такім чынам, новы рэкорд перавысіў папярэдні адразу на 0,5 градуса.
Як і папярэджвалі сіноптыкі, 29 чэрвеня краіна апынулася пад уплывам экстрэмальна гарачай паветранай масы. На паўднёва-захадзе Беларусі тэмпература наблізілася да адзнакі +40°C.
Спякота пачала біць рэкорды яшчэ напярэдадні. Так, 28 чэрвеня ў краіне былі абноўлены 12 тэмпературных максімумаў. Найбольш спякотным горадам тады стаў Брэст, дзе зафіксавалі +37,6°C. У Высокім тэмпература дасягнула +37°C, у Пружанах — +36,4°C, у Івацэвічах — +36,3°C, а ў Пінску — +36,1°C.
Акрамя таго, 28 чэрвеня абсалютныя чэрвеньскія тэмпературныя рэкорды былі абноўлены адразу ў шасці населеных пунктах: у Гродне, Ваўкавыску, Пружанах, Івацэвічах, Высокім і Брэсце.
