Расійскія нафтавыя гіганты ўвялі ліміты на запраўках у Маскве
- 30.06.2026, 14:20
- 1,632
Наліваць бензін або дызельнае паліва ў каністры расіянам катэгарычна забаранілі.
У Маскве і Падмаскоўі на АЗС расійскіх нафтавых гігантаў «Газпромнефть» і «Лукойл» ўвялі ліміты на продаж паліва ў адны рукі, паведамляе расійскае РБК.
У сетцы «Газпромнефть» адзін кліент можа набыць не больш за 30 літраў бензіну або 60 літраў дызельнага паліва за адну запраўку. Наліваць паліва ў каністры на гэтых АЗС цалкам забаронена.
На трасавых станцыях гэтай сеткі дзейнічаюць іншыя абмежаванні. Там кіроўцам адпускаюць да 30 л бензіну або да 200 л дызеля. На адной з маскоўскіх заправаў таксама дзейнічае аналагічны ліміт на бензін у 30 літраў.
Аналагічныя ліміты ўвялі і на трох запраўках кампаніі «Лукойл» у Маскве. У прыватнасці, на адной АЗС кіроўца можа купіць максімум 30 літраў паліва, а на дзвюх іншых — усяго 20 літраў. Продаж у каністры на гэтых станцыях таксама забаронены.