Школьнаму выдатніку анулявалі вынікі ЦТ
3- 5.06.2026, 20:19
- 1,702
Ён апублікаваў у інтэрнэце фотаздымкі тэставых заданняў.
Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) ануляваў вынікі цэнтралізаванага тэсціравання аднаго з абітурыентаў, які падчас экзамену апублікаваў у інтэрнэце фотаздымкі тэставых заданняў, паведамляе БелТА.
Паводле інфармацыі РІКВ, вучань адной са школ Брэсцкай вобласці размясціў у тэлеграм-чаце варыянт заданняў па матэматыцы непасрэдна падчас правядзення ЦТ. Асобы адміністратараў гэтага чата таксама ўстаноўленыя.
Спецыяльная камісія разгледзела выпадак і прыняла рашэнне ануляваць вынік тэсціравання па матэматыцы для гэтага ўдзельніка.
Дырэктар РІКВ Дзмітрый Міронаў адзначыў, што вучань раней характарызаваўся станоўча і быў выдатнікам. Сярэдні бал яго школьнага атэстата складаў 9,1.
Таксама паведамляецца, што 6 чэрвеня павінна адбыцца яшчэ адно пасяджэнне камісіі, на якім будуць разглядацца іншыя выпадкі парушэнняў падчас ЦТ.