Пачынаецца «вайна гарадоў»
2- Дзяніс Паповіч
- 5.06.2026, 14:41
- 2,150
Лета 2026-га будзе аптымістычным.
Наступіла лета, якое будзе складаным, крывавым, жорсткім, але... аптымістычным. Мае пастаянныя чытачы памятаюць, што вясной я пісаў, што расійскае наступленне захлынецца, нават не пачаўшыся. Так яно і адбылося! Па дадзеных Deep State, тэрытарыяльныя дасягненні Расіі ў маі склалі 14 кв. км. Гэта — мізэр. Эфектыўнасць дзеянняў расійскай арміі ўпала амаль да нуля.
У нас складаная сітуацыя ў раёне Канстанцінаўкі і на Пакроўскім напрамку, але я ўпэўнены, што і летняя фаза іх наступлення будзе правальнай. Больш за тое, я нават з'яўляюся аптымістам адносна наступальных дзеянняў Сіл абароны Украіны. Чаму я так лічу? Адказ просты. Лагістыка!
Усе чытаюць навіны і бачаць, што мы пераразаем дронамі так званы «сухапутны калідор» у Крым, а таксама б'ём па лагістычных шляхах у аператыўнай глыбіні на часова акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей. З-за гэтага ў Крыме ўжо настаў крызіс забеспячэння, які прывёў да паліўнага калапсу.
Адчувальныя праблемы з гаручым ёсць на захопленых ворагам тэрыторыях Данеччыны, Луганшчыны, Запарожжа і Херсоншчыны. Подых паліўнага крызісу адчуваецца ўжо і ў Расіі. І прычына гэтаму — сістэмнае знішчэнне расійскага «нафтавага сектара». Далей проста трэба не спыняцца. Сілы абароны ўжо пусцілі гэтаму зверу кроў, і яна сцякае кропля за кропляй, запускаючы ў дзеянне ўжо законы матэматыкі. З падарванай лагістыкай немагчыма не тое што наступаць, але і ваяваць у прынцыпе.
Варыянтаў выправіць гэта ў расіян пакуль няма. Яны аказаліся не гатовыя да нашых удараў сярэдняй дальнасці. Яны здольныя знайсці адказ і на гэты выклік, але ва ўмовах, калі Пуціну льюць у вушы, што ён блізкі да поўнай перамогі, пошук сродкаў процідзеяння мусіць пачацца з пераасэнсавання рэальнасці. А гэта складаны працэс. Ён патрабуе часу, якога ў іх няшмат.
Але, як я ўжо пісаў, мы ўступілі ў фазу «вайны гарадоў», і гэта лета сапраўды будзе складаным. Як і зімой, яно будзе суправаджацца страшнымі абстрэламі гарадоў — Кіева, Дняпра, Запарожжа, Харкава, Адэсы... Як і зімой, расіяне будуць спрабаваць запалохаць нас з вамі, прымусіць нас паўплываць на ўкраінскае ваенна-палітычнае кіраўніцтва, каб яно пайшло на ўмовы Расійскай Федэрацыі і падпісала фактычную капітуляцыю Украіны.
Гэтага нельга дапусціць! Нанесці нам паразу ваенным шляхам яны не здольныя. Мабілізацыя ім не дапаможа. Калі яе пачаць цяпер, то эфект ад яе можа быць бліжэй да восені, а гэта для іх ужо будзе позна.
Калі мы і далей будзем нарошчваць наш deep strike і middle strike (а я не бачу ніякіх прычын, чаму б нам гэтага не рабіць!), то перад расіянамі ўвогуле можа паўстаць рэінкарнацыя восені 2022 года. Паўтараю: без лагістыкі ваяваць немагчыма. Без гаручага спыніцца ўсё. Таму яны зноў хочуць узарваць тыл, каб дасягнуць сваіх мэтаў без бою, гуманітарным, а не ваенным шляхам. Але цяпер мы здольныя адказваць.
Таму нас зноў чакае суровае і гарачае лета з ракетнымі абстрэламі тыловых гарадоў. І зноў тыл стане фронтам. Гэты фронт будзе праходзіць праз нашы гарады. Задача, як і зімой. Выстаяць! Звер павінен сцячы крывёю. Для гэтага ЗСУ трэба час, і мы павінны яго даць. І тады да канца года гарачая фаза вайны можа завершыцца.
Гэта таксама быў мой прагноз, і я пакідаю яго ў сіле. Тым больш, што пра магчымае завяршэнне гарачай фазы вайны менавіта ў гэтым годзе кажу ўжо не толькі я… Дзяніс Паповіч, «Фэйсбук» .