Келлог ацаніў поспехі Украіны ў вайне з РФ: Я б паставіў грошы на ўкраінцаў
1- 1.07.2026, 20:37
- 1,170
Змены на фронце могуць паўплываць нават на пазіцыю Трампа.
Баланс сіл у вайне паміж Украінай і Расіяй паступова змяняецца. У ЗША лічаць, што апошнія падзеі на фронце ўпершыню за доўгі час сведчаць пра перавагу Украіны.
Пра гэта паведамляе TVP World.
Былы спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Украіне Кіт Келлог заявіў, што паспяховыя далёкасяжныя ўдары Кіева па расійскай нафтавай інфраструктуры, якія прывялі да дэфіцыту паліва, у прыватнасці ў акупаваным Крыме, змяняюць ход вайны.
«Упершыню з 2023 года вы бачыце, што ўкраінцы сапраўды пачынаюць атрымліваць перавагу над расіянамі», — падкрэсліў ён.
Келлог дадаў, што калі б сёння давялося рабіць прагноз пра ход вайны, ён паставіў бы менавіта на Украіну.
«Сёння я б паставіў больш грошай на ўкраінцаў, чым на расіян», — заявіў ён.
Паводле Келлога, змяненне сітуацыі на полі бою можа паўплываць і на пазіцыю прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.
«Прэзідэнт Трамп любіць пераможцаў», — падсумаваў ён.