У мінскім аэрапорце запусцілі самастойную рэгістрацыю і здачу багажу
- 1.07.2026, 20:58
Пакуль толькі для адной авіякампаніі.
Сумесна з авіякампаніяй «Аэрафлот» і ў супрацоўніцтве з кампаніяй «Бізнес Трэвел» з 1 ліпеня ў тэставым рэжыме запускаецца сэрвіс па самастойнай рэгістрацыі і здачы багажу, паведаміў Нацыянальны аэрапорт Мінск.
Цяпер даступная стойка самарэгістрацыі (self check-in) і два невялікія кіёскі з функцыяналам самастойнай здачы багажу (drop-off), змантаваныя на існых стойках рэгістрацыі № 33–34.
«Зарэгістравацца на рэйс можна будзе за 24 гадзіны да вылету, здаць багаж — за дзве гадзіны да вылету. У бліжэйшы час сэрвіс будзе распаўсюджвацца толькі на рэйсы авіякампаніі „Аэрафлот“», — паведамілі ў аэрапорце.
Новая паслуга дазволіць пасажырам скараціць час рэгістрацыі на рэйс і пазбавіць іх ад неабходнасці стаяць у чэргах.