Расія спыніла рух караблёў па Азоўска-Донскім канале
2- 11.07.2026, 8:12
- 4,684
Ізаляцыя Крыму ўсё бліжэй.
Расія прыпыніла суднаходства па Азоўска-Донскім канале, асцерагаючыся працягнення ўдараў Сіл абароны Украіны па расійскіх танкерах. Гэта можа скараціць экспарт расійскай пшаніцы на 25%, піша Reuters са спасылкай на інсайдарскую інфармацыю.
Паводле звестак выдання, Расія прыняла рашэнне прыпыніць суднаходства па Азоўска-Донскім канале, які злучае раку Дон з Азоўскім морам, пасля таго як у пятніцу, 10 ліпеня, ЗСУ атакавалі ў Азоўскім моры 13 расійскіх суднаў, у тым ліку 10 танкераў. Калі забарону здымуць, пакуль невядома.
Некаторыя СМІ паведамілі, што ў порце Азова Растоўскай вобласці РФ цяпер знаходзіцца шмат суднаў-збожжавозаў, бо яны не могуць прайсці па Азоўска-Донскім канале. Праз гэты канал (далей па Чорным моры) Расія экспартуе вялікую колькасць сваёй пшаніцы. Эксперты лічаць, што па гэтым маршруце Масква прадае каля 25% пшаніцы. Спыненне суднаходства па Азоўска-Донскім канале ўжо адбілася на цэнах на пшаніцу. 10 ліпеня на фондавай біржы Euronext кошты на пшаніцу павялічыліся на 4%.
Эксперты кажуць, што гэта не мяжа. У чэрвені – пачатку ліпеня Сілы абароны Украіны ўзмацнілі паветраныя ўдары па расійскіх танкерах у Азоўскім моры, бо яны возяць паліва ў анексаваны Крым, забяспечваючы расійскую армію і працу акупацыйнай расійскай адміністрацыі. Акрамя таго, ЗСУ фактычна заблакіравалі «сухапутны калідор» з Расіі ў акупаваны паўвостраў.