Сенатар ЗША Ліндсі Грэм памёр пасля раптоўнай хваробы
13- 12.07.2026, 9:45
- 7,992
Фота: Bloomberg
Ён быў адным з галоўных крытыкаў Пуціна.
Амерыканскі сенатар-рэспубліканец і сябар Украіны Ліндсі Грэм памёр увечары 11 ліпеня, паведамілі ў яго офісе.
У паведамленні, апублікаваным офісам сенатара ў X, сказана, што ён памёр пасля «кароткай і раптоўнай хваробы». Яму было 71 год.
«Сям'я сенатара Грэма ўдзячная за малітвы ў гэты час і просіць захоўваць прыватнасць у гэты неверагодна складаны перыяд», — гаворыцца ў паведамленні.
10 ліпеня Ліндсі Грэм быў з візітам ва Украіне і сустракаўся з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Ён запэўніў Украіну ў далейшай падтрымцы з боку Кангрэса, піша New Voice.
Сенатар абвясціў, што яму і калегам удалося дасягнуць згоды з Белым домам адносна новай версіі законапраекта аб санкцыях супраць Расіі, сааўтарам якога ён быў. Прыняцце пакета санкцый, паводле яго слоў, дазволіла б ЗША атрымаць дадатковыя інструменты для падтрымкі абароназдольнасці Украіны, у прыватнасці ў сферы супрацьдзеяння балістычным ракетам.
Ліндсі Грэм таксама наведаў вытворчасць украінскай тэхналагічна-абароннай кампаніі SkyFall.
Грэма называлі адным з самых запеклых праціўнікаў Масквы ў амерыканскай палітыцы. Яшчэ на восьмы дзень поўнамаштабнай вайны сенатар Ліндсі Грэм заявіў у эфіры Fox News: «Спадзяюся, нехта ў Расіі зразумее, што ён [Уладзімір Пуцін] разбурае краіну, і вам трэба ліквідаваць гэтага хлопца любымі магчымымі спосабамі».
Калі Трамп паабяцаў увесці 100%-выя пошліны супраць Масквы і яе гандлёвых партнёраў, калі мірнае пагадненне па Украіне не будзе дасягнута за 50 дзён, Грэм адразу падтрымаў — і гэтую рыторыку, і самога Трампа.
«Пуцін, твая чарга набліжаецца, Дональд Трамп <�…> збіраецца як след надаць табе па задніцы», — сказаў Грэм і дадаў, што на месцы Пуціна «як мага хутчэй сеў бы за стол перамоў».