Лукашысты вырашылі ўзяць пад кантроль цэны на крамную кулінарыю
4- 13.07.2026, 12:27
- 1,284
Рашэнне прынялі нібыта пасля зваротаў беларусаў.
У пятніцу, 10 ліпеня, стала вядома, што ў Беларусі істотна скарацілі спіс тавараў, цэны на якія рэгулююцца. У той жа час улады прынялі рашэнне ўвесці больш жорсткі кантроль за кулінарнай прадукцыяй уласнай вытворчасці ў гандлі, піша БелТА.
У Беларусі пачнуць рэгуляваць цэны на прадукцыю ўласнай вытворчасці крамаў — у тым ліку на разрубленае мяса, птушку, рыбу і хлебабулачныя вырабы.
Пры продажы такой прадукцыі праз рознічны гандаль нацэнка прадпрыемстваў грамадскага харчавання не павінна перавышаць 10%.
Паводле слоў намесніка міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Алега Дзікуна, рашэнне прынялі пасля зваротаў грамадзян. Яны адзначалі, што прадукцыя грамадскага харчавання, вырабленая ў крамах, часам значна даражэйшая за аналагічныя тавары ў фірменных гандлёвых кропках вытворцаў.
Раней стала вядома, што пералік тавараў, якія падпадаюць пад дзяржаўнае рэгуляванне цэн, скарацілі з 199 да 76. З-пад цэнавага рэгулявання вывелі, напрыклад, малако, кефір, смятану ў шкляной таре, змешаныя гарбаты, карамель на палачцы, жавальную гумку, экзатычныя цытрусавыя плады.