Аліеў заявіў, што Азербайджан быў каланіяй у складзе СССР
7- 13.07.2026, 12:28
- 4,048
А таксама падтрымаў Украіну.
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў заявіў, што разглядае знаходжанне рэспублікі у складзе Расійскай імперыі і СССР як каланіяльны перыяд. «Мы былі каланізаваныя ў XIX стагоддзі. Потым былі ў складзе Савецкага Саюза, дзе не мелі незалежнасці. Мы былі часткай СССР, рэспублікай, так, але бязправнай. У нашай гістарычнай памяці захавалася разуменне таго, што азначае быць каланіяй, а потым стаць свабоднай дзяржавай», — сказаў Аліеў на IV Шушынскім глабальным медыяфоруме, піша The Moscow Times.
Паводле яго слоў, у савецкія гады з Азербайджана «вывозіліся мільярды тон нафты», аднак пасля распаду СССР краіна сутыкнулася з дэфіцытам электраэнергіі і дагэтуль вымушаная ліквідоўваць экалагічную шкоду, нанесеную інтэнсіўнай здабычай нафты.
Аліеў таксама адзначыў, што пасля 1991 года многія ў Расіі прадказвалі хуткі крах былых саюзных рэспублік, спасылаючыся на іх няздольнасць забяспечваць сябе самастойна, аднак гэтыя прагнозы не спраўдзіліся. «Усе яны жывуць нармальным жыццём», — сказаў ён, дадаўшы, што сам Азербайджан за 30 гадоў незалежнасці ператварыўся ў «сярэднюю дзяржаву».
Адказваючы на пытанне пра Украіну, Аліеў зноў паўтарыў, што яна не павінна пагаджацца на акупацыю, і падкрэсліў, што Азербайджан нязменна падтрымлівае яе тэрытарыяльную цэласнасць.
Падобныя ацэнкі савецкага перыяду Аліеў выказвае не ўпершыню. Раней ён называў уваходжанне Азербайджана ў склад СССР наступствам акупацыі і сцвярджаў, што гэта перашкодзіла рэспубліцы стаць паўнавартаснай дэмакратычнай дзяржавай.
Пры гэтым у савецкія гады Азербайджанскую ССР доўгі час узначальваў бацька цяперашняга прэзідэнта Гейдар Аліеў: з 1969 па 1982 год ён быў першым сакратаром ЦК Кампартыі рэспублікі, а затым да 1987 года займаў пасаду першага намесніка старшыні Савета міністраў СССР.