У арганізме чалавека знайшлі нечаканую крыніцу фізічнай сілы
2- 13.07.2026, 13:00
- 1,928
Гэта бактэрыя.
Фізічная сіла чалавека можа залежаць ад бактэрый, што жывуць у кішэчніку. Навукоўцы з Нідэрландаў і Іспаніі высветлілі, што ў людзей з высокім утрыманнем бактэрыі Roseburia inulinivorans цягліцы працуюць больш эфектыўна: пажылыя захоўваюць мацнейшы хап, а маладыя паказваюць лепшыя вынікі ў сілавых практыкаваннях і тэстах на вынослівасць. Даследаванне апублікавана ў часопісе Gut.
З узростам у многіх развіваецца саркапенія — паступовая страта цягліцавай масы і сілы, якая лічыцца адной з галоўных прычын старэчай нямогласці. У пошуках новых спосабаў барацьбы з гэтым станам навукоўцы звярнуліся да так званай восі «кішэчнік — цягліцы», паводле якой мікрафлора здольная ўплываць на працу цягліцавай тканіны.
Даследчыкі прааналізавалі склад кішэчнай мікрабіёты ў 90 здаровых маладых добраахвотнікаў і 33 чалавек старэйшых за 65 гадоў. Потым яны параўналі атрыманыя даныя з паказчыкамі фізічнай сілы і вынослівасці.
Высветлілася, што толькі адна бактэрыя — Roseburia inulinivorans — была цесна звязана з цягліцавай функцыяй. У пажылых удзельнікаў, у кішэчніку якіх яна прысутнічала, сіла хапу аказалася ў сярэднім на 29% вышэйшая, чым у людзей без гэтай бактэрыі. Маладыя добраахвотнікі з высокім утрыманнем R. inulinivorans таксама дэманстравалі лепшыя вынікі ў жыме нагамі і жыме лежачы, а таксама — больш высокі паказчык максімальнага спажывання кіслароду (VO₂ max), які адлюстроўвае кардыярэспіраторную вынослівасць.
Пры гэтым іншыя прадстаўнікі таго ж роду бактэрый такой сувязі не паказалі, што сведчыць пра ўнікальную ролю менавіта R. inulinivorans.
Навукоўцы адзначаюць, што колькасць гэтай бактэрыі прыкметна змяншаецца з узростам: калі ў маладых яна складала ў сярэднім каля 6,6% мікрафлоры, то ў пажылых — толькі 1,3%.
Даследчыкі мяркуюць, што Roseburia inulinivorans можа падтрымліваць цягліцы дзякуючы выпрацоўцы кароткаланцуговых тлустых кіслот, перадусім буцірату. Гэтыя рэчывы змяншаюць запаленне, паляпшаюць энергетычны абмен і дапамагаюць цягліцавай тканіне больш эфектыўна аднаўляцца і працаваць.
Аўтары падкрэсліваюць, што пакуль ідзе гаворка пра выяўленую сувязь, а не пра даказаную прычыну. Аднак у будучыні Roseburia inulinivorans можа стаць асновай для стварэння прабіётыкаў новага пакалення, накіраваных на прафілактыку ўзроставых страт цягліцавай сілы.