25 лiпеня 2026, Субота, 20:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗСУ ўпершыню паразілі расійскі аналаг HIMARS

ЗСУ ўпершыню паразілі расійскі аналаг HIMARS

РСЗА «Сарма» знішчылі з дапамогай ударнага дрона.

Сілы абароны Украіны ўпершыню паразілі рэактыўную сістэму залпавага агню «Сарма», якую расійскія прапагандысты называюць «аналагам» амерыканскага комплексу HIMARS. Пра гэта паведамляе «Мілітарны».

Відэа паражэння апублікаваў у Facebook 1-ы корпус НГУ «Азоў». Байцы паведамілі пра адбіццё маштабнага механізаванага наступу расійскіх акупацыйных войскаў на Добрапольскім напрамку.

У «Мілітарным» адзначылі, што для падтрымкі сваіх механізаваных калон расіяне таксама задзейнічалі РСЗА «Сарма», якую ўрэшце знішчылі Сілы абароны з дапамогай ударнага дрона авіяцыйнага тыпу.

Пры гэтым аналітыкі дадалі, што гэтая сістэма з’яўляецца развіццём праграмы «Кама», мэта якой — стварыць палегчаную 300-мм рэактыўную артылерыйскую сістэму з кіраванымі боепрыпасамі.

У 2023 годзе расійскія СМІ ўпершыню публічна абвясцілі пра распрацоўку РСЗА на шасі «КамАЗ» з палепшанай мабільнасцю.

Аналітыкі адзначылі, што першая «Сарма» была прадэманстравана толькі праз два гады на магутнасцях прадпрыемства «Мотавіліхінскія заводы», адкуль стала вядома пра зніжэнне масы амаль на 10 тон у параўнанні з 33-тонным «Тарнада-С». Больш кампактная машына з пускавой устаноўкай, колькасць накіроўвальных якой скарацілі да шасці, была змантаваная на чатырохвосевым шасі КамАЗ-63501 з браняванай кабінай.

Згодна з інфармацыяй з закупачных дакументаў, якая ёсць у распараджэнні выдання, у 2024 годзе расійскае абароннае ведамства замовіла 12 пускавых установак і столькі ж транспартна-зараджальных машын да іх.

Кожная рэактыўная ўстаноўка абышлася расійскай арміі ў 155 млн рублёў, або 1,9 млн долараў, што аказалася крыху даражэй, чым «Тарнада-С» на цяжкім колавым шасі, якія замаўляліся паралельна. Яшчэ 64 млн рублёў каштавала ТЗМ на тым самым шасі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках