Беларус за адну вылазку сабраў больш за 200 баравікоў
4- 28.07.2026, 16:06
- 1,574
Уражлівы «улоў» грыбніка з Драгічына трапіў на відэа.
Грыбны сезон у Беларусі набірае абароты. І калі яшчэ нядаўна рэкорднымі трафеямі ў асноўным хваліліся жыхары Мінскай і Віцебскай абласцей, дык цяпер добрыя навіны прыходзяць і з Берасцейшчыны, дзе нарэшце прайшлі даўгачаканыя дажджы.
На гэты раз аматараў ціхага палявання падражніў у TikTok Анатоль з Драгічына. Грыбнік апублікаваў ролік, у якім паказаў вынік сваёй чарговай вылазкі ў лес.
І ён сапраўды ўражвае: за адзін паход беларус назбіраў 237 дужых і адборных баравікоў.
Аднак для Анатоля такі «улоў» ужо становіцца добрай традыцыяй.
Усяго некалькі дзён таму ён паказваў яшчэ адно ўдалае «паляванне». Тады яму ўдалося знайсці 146 баравікоў. Паводле слоў мужчыны, адна частка грыбоў ужо адправілася ў слоікі, а другая — у маразільнік.
Праўда, паверылі яму далёка не ўсе. У каментарыях многія сцвярджалі, што ў Брэсцкай вобласці яшчэ няма такой колькасці грыбоў.
Паводле скептыкаў, разлічваць можна хіба на некалькі лісічак або маслякоў, а сотні баравікоў — гэта ўжо з разраду казак.
Сам грыбнік да такіх заўваг ставіцца спакойна. Пад ролікамі ён адказвае, што з ціхім паляваннем усё, як з рыбалкай: камусьці шанцуе больш, а камусьці — менш. І кожнаму па-добраму жадае поспехаў.