Мінчукоў папярэдзілі пра нечаканы шум
1- 30.07.2026, 16:50
- 1,416
Гэта адбудзецца 1–3 жніўня.
Жыхароў Заводскага раёна сталіцы папярэджваюць, што ўдзень 1–3 жніўня можа быць шумна ў сувязі з працамі на мясцовай ЦЭЦ-3. Гэта не паўплывае на электразабеспячэнне, паведамілі ў «Мінскэнерга».
ЦЭЦ-3 з 1 па 3 жніўня будуць рыхтаваць да наступнага ацяпляльнага сезону.
«Дадзеныя тэхнічныя мерапрыемствы могуць суправаджацца павышаным узроўнем шуму ў дзённы час», — паведамілі ў «Мінскэнерга».
Там адзначылі, што праца ЦЭЦ застанецца стабільнай — цяпло і электраэнергія будуць паступаць спажыўцам у штатным рэжыме, а «усе працэсы строга рэгламентаваныя і праводзяцца ў адпаведнасці з тэхнічнымі нарматывамі для забеспячэння бяспекі».
«Прафілактычныя работы дазваляюць забяспечыць надзейную эксплуатацыю абсталявання ў ацяпляльны перыяд. Так мы забяспечваем бесперабойнае энергазабеспячэнне спажыўцоў і мінімізуем рызыкі ўзнікнення нештатных сітуацый», — дадалі энергетыкі.