У Аўстраліі вынесла на бераг загадкавыя шары
1- 5.07.2026, 20:52
- 4,686
Улады лічаць, што гэта аб’екты з космасу.
Улады Аўстраліі расследуюць паходжанне загадкавых буйных срэбрыстых сфер, якія на выходных вынесла на бераг на поўначы штата Квінсленд. Мяркуюць, што шэсць масіўных аб’ектаў, знойдзеных на пляжы Форэст-Біч на поўнач ад Таўнсвіла, могуць аказацца касмічным смеццем.
Цяпер Аўстралійскае касмічнае агенцтва (ASA) спрабуе ўстанавіць іх паходжанне, перадае Бі-бі-сі.
Паводле паведамленняў мясцовых СМІ, спецыялісты ў ахоўных касцюмах змясцілі сферы ў спецыяльныя герметычныя кантэйнеры для небяспечных матэрыялаў пад аховай паліцыі, бо ёсць асцярога, што ўнутры могуць быць небяспечныя рэчывы.
Пажарна-выратавальная служба Квінсленда ў нядзелю паведаміла, што вакол месца выяўлення аб’ектаў захоўваецца 50-метровая зона адчужэння. Ведамства заклікала ўсіх, хто знойдзе падазроныя прадметы ў гэтым раёне, не дакранацца да іх.

Улады парэкамендавалі ўсім, хто выявіць падобныя аб’екты, неадкладна адысці на бяспечную адлегласць і паведаміць пра гэта ў экстранныя службы.
У інтэрнэце з’явіліся здагадкі, што знойдзеныя сферы могуць быць бакамі для ракетнага паліва касмічных апаратаў. У такім выпадку ўнутры маглі захавацца рэшткі лёгкаўзгаральных або хімічна актыўных рэчываў.
Аднак пакуль невядома, якому касмічнаму апарату маглі належаць гэтыя аб’екты і хто яго запусціў.
Уладальніца кавярні Forrest Beach Takeaway Ліза Скобі распавяла, што мясцовыя жыхары з вялікай цікавасцю спрабуюць высветліць паходжанне загадкавых сфер.
«У нас вельмі ціхая мясціна, тут рэдка што адбываецца. Таму ўся гэтая незвычайная актыўнасць дакладна дадала крыху ажыўлення», — сказала яна ў інтэрв’ю грамадскаму вяшчальніку ABC.
Праўда, гэта далёка не першы выпадак, калі на ўзбярэжжы Аўстраліі знаходзяць загадкавыя аб’екты.
У 2023 годзе Індыя пацвердзіла, што велізарны металічны купал, які вынесла на пляж паблізу Перта ў штаце Заходняя Аўстралія, аказаўся фрагментам адной з індыйскіх ракет.
Пазней прадстаўнік Індыйскай арганізацыі касмічных даследаванняў (ISRO) паведаміў Бі-бі-сі, што гаворка ішла пра дэталь ракеты-носьбіта Polar Satellite Launch Vehicle (PSLV).
Сферычны аб’ект, падобны да тых, што знайшлі ў гэтыя дні ў Аўстраліі, быў знойдзены ў 2011 годзе ў аддаленым раёне саваны ў Намібіі на поўдні Афрыкі.
Тады спецыялісты дапусцілі, што гэта, хутчэй за ўсё, быў паліўны бак, або гібкі паліўны рэзервуар, з рэшткамі гідразіну — надзвычай лятучага ракетнага паліва — ад беспілотнай ракеты.