6 лiпеня 2026, панядзелак, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна паказала НАТА, як змагацца з прапагандай Крамля

Украіна паказала НАТА, як змагацца з прапагандай Крамля

Эксперты кажуць пра новы элемент калектыўнай бяспекі.

Украіна становіцца для краін НАТА не толькі крыніцай досведу ў сферы выкарыстання беспілотнікаў, але і адным з галоўных прыкладаў супрацьдзеяння інфармацыйным атакам. Як адзначаюць эксперты Atlantic Council, назапашаныя Кіевам метады барацьбы з расійскай дэзінфармацыяй могуць стаць важнай часткай стратэгіі Альянсу (пераклад — сайт Charter97.org).

Чакаецца, што на саміце НАТА ў Анкары 7 ліпеня адной з ключавых тэм стане так званая «кагнітыўная вайна» — супрацьдзеянне інфармацыйным аперацыям, накіраваным на змяненне грамадскай думкі і падрыў даверу да дзяржаўных інстытутаў.

За гады супрацьстаяння з Расіяй Украіна стварыла комплексную сістэму абароны інфармацыйнай прасторы. У краіне выкарыстоўваюцца лічбавыя інструменты на базе штучнага інтэлекту для падрыхтоўкі афіцыйных заяў на дзясятках моў з абаронай ад падробкі. Міністэрства лічбавай трансфармацыі таксама распрацоўвае тэхналогіі, якія дазваляюць выяўляць сеткі сайтаў, што распаўсюджваюць ілжывыя або маніпулятыўныя матэрыялы.

Яшчэ адным элементам стратэгіі стала лічбавая платформа «Дыя», праз якую грамадзянам даступныя праграмы па медыяграматнасці. Паралельна ўкраінскія арганізацыі па праверцы фактаў адсочваюць скаардынаваныя кампаніі дэзінфармацыі і прадастаўляюць журналістам і дзяржаўным структурам аператыўныя звесткі пра іх распаўсюджанне.

Аўторы матэрыялу падкрэсліваюць, што расійскія інфармацыйныя аперацыі даўно выйшлі за межы Украіны і накіраваныя на ўплыў на выбары, узмацненне грамадскай палярызацыі і дэстабілізацыю дэмакратычных дзяржаў. Менавіта таму НАТА паступова надае ўсё большую ўвагу абароне інфармацыйнай прасторы.

Эксперты лічаць, што ўкраінскі досвед паказвае эфектыўнасць падыходу, які аб’ядноўвае дзяржаўныя структуры, тэхналагічныя кампаніі, незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасць. На іх думку, нават магчымнае спыненне баявых дзеянняў не спыніць інфармацыйнае супрацьстаянне, таму досвед Кіева можа стаць адным з найважнейшых элементаў калектыўнай бяспекі краін Альянсу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках