16 жнiўня 2026, Нядзеля, 14:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Найхутчэйшы аўтамабіль 90-х McLaren F1 атрымаў пераемніка

Найхутчэйшы аўтамабіль 90-х McLaren F1 атрымаў пераемніка
Фота: GMA / Скрыншот YouTube

Усяго плануецца выпусціць 64 суперкары.

У легендарнага McLaren F1 з’явіўся пераемнік. Лёгкі суперкар Gordon Murray S1 захаваў арыгінальную трохмесную кампановку, аздабленне золатам і высокаабаротны рухавік V12.

Новы Gordon Murray S1 дэбютаваў у межах Аўтамабільнага тыдня ў Мантерэі (ЗША) і паступіць у вытворчасць з 2027 года. Пра суперкар распавялі на сайце кампаніі GMA.

Распрацоўшчык McLaren F1 Гордан Мюрэй вырашыў стварыць яго пераемніка. Суперкар вельмі нагадвае свайго знакамітага папярэдніка. У яго такі ж сілуэт з пасунутым наперад салонам, знаёмая аптыка, паветразаборнікі і рэльефныя бакавіны, а дзверы падымаюцца ўверх.

Аднак Gordon Murray S1 абсталяваны сучаснай актыўнай аэрадынамікай. У яго аснове ляжыць вугляпластыкавы манакок, а маса складае ўсяго 997 кг.

Кампановка салона такая ж, як і ў McLaren F1. Вадзіцель сядзіць па цэнтры, а два пасажыры — па баках. На прыборнай панэлі спалучаюцца класічны цыферблат тахометра і два экраны. У аздабленні салона выкарыстаныя скура і карбон.

Суперкар Gordon Murray S1 абсталяваны высокаабаротным 4,2-літровым V12 ад кампаніі Cosworth, якая вырабляе рухавікі для «Формулы-1». Рухавік развівае 690 к.с. пры 12 000 аб/мін і працуе ў пары з 6-ступеньчатай механічнай каробкай перадач. Як і ў McLaren F1, маторны адсек аздоблены золатам для лепшага адводу цяпла.

Усяго плануецца выпусціць 64 аўтамабілі Gordon Murray S1 — столькі ж, колькі і McLaren F1. Кошт суперкара не паведамляецца, але вядома, што ён складае некалькі мільёнаў долараў.

Нагадаем, што легендарны суперкар McLaren F1 быў найхутчэйшым аўтамабілем 90-х. Лёгкае (1160 кг) купэ было абсталявана 6,1-літровым V12 BMW магутнасцю 627 к.с., што дазваляла разганяцца да 100 км/г за 3,3 с і развіваць хуткасць 386 км/г. Кошт McLaren F1 складаў мільён долараў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках