20 жнiўня 2026, Чацвер, 20:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бельгійскі прадавец аўтамабіляў стаў прынцам

Бельгійскі прадавец аўтамабіляў стаў прынцам
Клеман Вандэнкеркхове і прынц Лоран

Яго бацька, брат караля, прызнаў бацькоўства.

26‑гадовы белгіец Клеман Вандэнкеркхове, які раней працаваў прадаўцом аўтамабіляў, афіцыйна стаў сынам прынца Лорана — малодшага брата караля Бельгіі Філіпа. Прынц Лоран прызнаў Клемана сваім сынам і спадчыннікам, піша BBC.

Клеман — паза-шлюбны сын прынца Лорана і бельгійскай спявачкі Венды ван Вантэн. Яго маці насамрэч завуць Ірыс Вандэнкеркхове, а Венды ван Вантэн — яе сцэнічны псеўданім. Раман паміж ёй і прынцам адбыўся яшчэ да таго, як Лоран у 2003 годзе ажаніўся з прынцэсай Клер.

У сям'ю прынца Клемана афіцыйна прынялі яшчэ каля паўгода таму, але шырока вядома пра гэта стала толькі цяпер.

Нягледзячы на новы статус, Клеман атрымаў далёка не ўсе прывілеі членаў бельгійскай каралеўскай сям'і. Ён фармальна мае тытул прынца, але не будзе атрымліваць дзяржаўнага ўтрымання, не ўвойдзе ў лінію спадкаемства трона і не будзе ўдзельнічаць у традыцыйных афіцыйных мерапрыемствах каралеўскай сям'і. Гэтым ён адрозніваецца ад сваіх зводных братоў і сястры — прынцэсы Луізы і прынцаў Эмерыка і Нікаля, народжаных у законным шлюбе Лорана і Клер.

Клеман ужо шмат гадоў ведаў, што яго біялагічны бацька — прынц Лоран. Па яго словах, маці расказала сыну пра гэта, калі яму споўнілася 16 гадоў. Аднак да нядаўняга часу ён не вырашыў, ці будзе карыстацца прозвішчам бацькі — Саксен-Кобургскі.

Пры гэтым малады чалавек падкрэслівае, што ганарыцца прозвішчам Вандэнкеркхове, якое носіць па маці. Ён адзначаў, што адмовіцца ад яго для яго азначала б здрадзіць таму, што маці зрабіла для яго.

У 20 гадоў Клеман нарэшце адважыўся патэлефанаваць прынцу Лорану. Пасля некалькіх тэлефонных размоў яны сустрэліся. Лоран прапанаваў правесці ДНК‑тэст, каб канчаткова пацвердзіць бацькоўства.

Яны разам адправіліся ў бальніцу. Прынц прапанаваў здаць аналіз першым, каб Клеман менш хваляваўся. Пазней малады чалавек атрымаў паведамленне з лабараторыі: вынік пацвердзіў бацькоўства з верагоднасцю 99,5%.

Пра гісторыю Клемана бельгійская грамадскасць ведала яшчэ да цяперашняга афіцыйнага прызнання. Мінулага года на мясцовым тэлебачанні выйшаў дакументальны фільм, у якім сам Клеман распавёў пра знаёмства з бацькам.

Падобная гісторыя ўжо адбывалася ў сям'і прынца Лорана. Яго бацька, былы кароль Бельгіі Альберт II, таксама прайшоў ДНК‑тэст пасля шматгадовай судовай спрэчкі аб прызнанні бацькоўства.

У выніку ў 2020 годзе ён афіцыйна прызнаў сваёй паза-шлюбнай дачкой мастачку Дэльфін Боэль. Пасля судовай перамогі Дэльфін атрымала тытул прынцэсы і пачала выкарыстоўваць прозвішча Дэльфін Саксен‑Кобургская.

Гісторыя з паза-шлюбнай дачкой стала адной з прычын таго, што ў 2013 годзе Альберт II адрокся ад трона. Каралём тады стаў яго старэйшы сын Філіп, брат Лорана.

Як і Дэльфін, Клеман не будзе атрымліваць дзяржаўнага ўтрымання. Згодна з законам, прынятым у Бельгіі ў 2013 годзе, адпаведныя выплаты прызначаны толькі каралю Філіпу, былому каралю Альберту II, прынцу Лорану і прынцэсе Астрыд — сястры Філіпа і Лорана.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках