Пуцін раскрыў грабніцу Дзмітрыя Данскога, каб адправіць яго мошчы на «СВА»
4- 20.08.2026, 20:47
- 1,530
Пра «цудоўнае» набытцё мошчаў старажытнарускага князя РПЦ абвясціла 18 жніўня.
Расійскія ўлады зноў звяртаюцца да праваслаўных святых у надзеі дапамагчы арміі, што ваюе ва Украіне, тэмпы наступлення якой сёлета рэзка запаволіліся.
У чацвер, 20 жніўня, дыктатар Расіі Уладзімір Пуцін адслужыў малебен у Архангельскім саборы Крамля, дзе два дні таму, паводле паведамлення РПЦ, былі «знойдзены» мошчы Дзмітрыя Данскога — старажытнарускага князя, які ў 1380 годзе здабыў перамогу над войскам Мамаевай Арды на Кулікоўскім полі, піша The Moscow Times.
На кадрах, апублікаваных прэс-службай Крамля і дзяржаўным агенцтвам ТАСС, Пуцін трымае свечку каля алтара, крыжыцца падчас малебна аб «пераможным воінстве», «краіне расійскай і прэзідэнце», а потым аглядае дзве раскрытыя грабніцы з парэшткамі, прыкрытымі тканінай.
Пра «цудоўнае» набытцё мошчаў Дзмітрыя Данскога, прылічанага да ліку святых у 1988 годзе, РПЦ абвясціла 18 жніўня. Крыніца ТАСС распавядала, што ў Архангельскім саборы разабралі падлогу і цагляныя надмагіллі склепа, пасля чаго адкрыліся парэшткі «ў поўнай камплектнасці, за выключэннем левай пяткавай косткі». У РПЦ патлумачылі раскрыццё грабніц рамонтнымі працамі і прапанавалі адправіць частку мошчаў у зону «СВА». «Магчымасць такога пакланення павінна быць прадастаўлена праваслаўным вайскоўцам як мага хутчэй», — заявіў у чацвер намеснік старшыні Сінодальнага аддзела Маскоўскага патрыярхату па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ Вахтанг Кіпшыдзэ.
Пуцін падчас візіту ў сабор ухваліў планы РПЦ адносна мошчаў. «Я ўчора размаўляў са Свяцейшым, ведаю пра яго планы [наконт мошчаў Дзмітрыя Данскога]. Перадавайце яму самыя найлепшыя пажаданні», — сказаў Пуцін. Ён назваў набытцё мошчаў «абсалютна ўнікальным», «дзівосным» і «цудоўным».
Журналістка, аўтарка канала «Праваслаўе і зомбі» Ксенія Лучэнка адзначае, што гісторыя з мошчамі відавочна «не экспромт», падрыхтоўка да яе ішла «даволі доўга». І гісторыкі, і РПЦ ведалі, дзе пахаваны Дзмітрый Данскі, дастаткова было проста раскрыць магілу. «Парэшткі князя засталіся ляжаць там, дзе ляжалі. Ад іх аддзялілі нейкія невялікія фрагменты і змясцілі ў спецыяльна падрыхтаваныя ківоты-мошчавікі, — апісвае працэс Лучэнка. — Гэтыя мошчавікі і будуць як святыню вазіць па хрэсных ходах і ўздоўж лініі баявога судакранання».
Мітрапаліт Кірыл Пакроўскі, кіраўнік Сінодальнага ваеннага аддзела, ужо выказаў глыбокую надзею на тое, што «адзін з гэтых ківотаў адправіцца на перадавую, каб надалей пастаянна знаходзіцца ў вайсковых падраздзяленнях у зоне баявых дзеянняў».
Саркафаг Дзмітрыя Данскога раней раскапалі толькі аднойчы — у 1860-х гадах, каб перанесці яго вышэй. Магчыма, уладам «спатрэбілася чарговае містыка-ідэалагічнае мерапрыемства», бо «рытм страчваецца», не выключае Лучэнка. Мінулым годам на фронт дастаўлялі часціцы мошчаў свяціцеля Мікалая Цудатворца, святых Пятра і Фяўроніі Мурамскіх, свяціцеля Лукі Крымскага і Матроны Маскоўскай, а таксама некалькі ікон.