20 жнiўня 2026, Чацвер, 21:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка — лідару ваеннай хунты М'янмы: У мяне такой вопраткі няма

4
Лукашэнка — лідару ваеннай хунты М'янмы: У мяне такой вопраткі няма
Мін Аўн Хлайн

Дыктатар пракаментаваў знешні выгляд свайго госця.

Аляксандр Лукашэнка вечарам 20 жніўня сустрэўся ў нефармальнай абстаноўцы з лідарам ваеннай хунты М'янмы Мінам Аўнам Хлайнам.

Перамовы ў фармаце тэт-а-тэт прайшлі ў адной з рэзідэнцый беларускага дыктатара. Лідара М'янмы падвезлі да ганка на чырвона-зялёным гольф-кары. Аляксандр Лукашэнка сустрэў госця на прыступках, звярнуўшы ўвагу на ягоны выгляд:

— У вас такая вопратка… У мяне такой няма. Абсалютна еўрапейскі чалавек, а не азіяцкі, — пракаментаваў Лукашэнка вобраз Міна Аўна Хлайна, які прыехаў на сустрэчу ў джынсах, белай кашулі і клятчастым пінжаку.

20 жніўня кіраўнікі правялі перамовы ў фармаце тэт-а-тэт, а таксама павячэралі ў нефармальнай абстаноўцы, удакладніла прэс-служба Лукашэнкі.

Узурпатар падкрэсліў, што апошнім часам Мінск і Нэйп'іда «вельмі інтэнсіўна супрацоўнічалі» і запэўніў, што «ўсё, пра што дамовіліся, беларускі бок зробіць».

— Вам і вашым бізнэсменам мы адкрылі ўсе дзверы, калі ласка, глядзіце. Усё, што вам цікава, і ўсё, што мы можам зрабіць, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы ваенна-прамысловым комплексам, усё, што мы можам, мы для вас зробім, — паабяцаў Лукашэнка.

Нагадаем, Мін Аўн Хлайн узначаліў ваенны пераварот у М'янме ў лютым 2021 года, пасля якога быў звяргнуты абраны ўрад Аўн Сан Су Чжы. У красавіку 2026 года ён заняў пасаду прэзідэнта пасля арганізаваных вайсковымі выбараў, якія праходзілі без паўнавартаснага ўдзелу апазіцыі і падвергліся міжнароднай крытыцы. У краіне пры гэтым працягваецца грамадзянская вайна.

Адносіны Мінска і Нэйп'іда ў апошнія гады прыкметна актывізаваліся. Паводле даных беларускага ўрада, толькі ў 2025 годзе Лукашэнка і Мін Аўн Хлайн сустракаліся шэсць разоў. У ліпені 2026 года Лукашэнка здзейсніў рабочы візіт у М'янму.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках