Пратайерэй РПЦ: Тыя, хто пры ўладзе, баяцца ў краіне пратэстных настрояў
2- 20.08.2026, 21:37
Расіяне сталі раздражнёнымі праз дэфіцыт паліва.
Расіяне павінны пакорліва ставіцца да дэфіцыту паліва ў краіне і не выказваць сваёй незадаволенасці чыноўнікам, заявіў клірык храма іконы Божай Маці «Дзяржаўная» ў Фрязіне пратайерэй Аляксандр Бутрын. Ён заклікаў грамадзян браць прыклад са святога Серафіма Сароўскага, які, паводле яго слоў, праявіў гнеў толькі адзін раз, калі сустрэў чалавека, «які падымае руку на дзяржаўную ўладу», перадае The Moscow Times.
«Цяпер гэта таксама вялікая праблема. Тыя, хто пры ўладзе, баяцца ў краіне нейкіх настрояў, якія могуць быць выкліканыя там… Вось зусім нядаўна казалі пра перабоі з палівам. І людзі ўжо раздражняюцца, проста крыху пацярпець не могуць», — адзначыў святар. Ён раскрытыкаваў тых, хто выказвае незадаволенасць і спрабуе адстойваць свае правы. «Людзі, якіх у гэтым сэнсе называюць “пратэстантамі”, так, якія ладзяць пратэсты, нешта хочуць сабе такое, нейкія правы “накачаць”, — гэта людзі недухоўныя і, вядома, не царкоўныя», — заявіў Бутрын. Паводле яго слоў, сапраўдныя вернікі павінны падпарадкоўвацца дзяржаўнай уладзе, кіруючыся настаўленнямі апосталаў.
Тым часам расіян пачалі арыштоўваць і штрафаваць за скаргі на дэфіцыт бензіну. У Валгаградзе адміністрацыйнаму пераследу падвергліся пяцёра, якія запісвалі звароты да кіраўніка Следчага камітэта з крытыкай гарадской адміністрацыі, якая запраўляе машыны без абмежаванняў, у адрозненне ад мясцовых жыхароў. Паліцыя палічыла здымку «несанкцыянаваным грамадскім мерапрыемствам». Падобны выпадак адбыўся з жыхаром Пермі, які збіраўся правесці мітынг з-за недахопу паліва і паведаміў пра гэта ў сваім тэлеграм-канале. Яго аштрафавалі за «незаконную агітацыю».
У жніўні Расію накрыла другая хваля паліўнага крызісу пасля новых удараў Узброеных сіл Украіны па нафтаперапрацоўчых заводах. З пачатку месяца ў выніку атак выйшлі з ладу не менш як чатыры буйныя НПЗ.
Паводле падлікаў сэрвісу «ГдеБенз», бензін недаступны на 70% заправаў у Расіі. Ліміты на продаж паліва зноў з’явіліся ў Санкт-Пецярбургу і ў Маскве, нягледзячы на тое, што сталіцу прыярытэтна забяспечваюць напярэдадні выбараў у Дзярждуму, звозячы паліва з рэгіёнаў Урала і Сібіры.
Суразмоўцы «Коммерсанта» на паліўным рынку адзначалі, што да пачатку верасня крызіс можа абвастрыцца, бо адзін з двух НПЗ у Беларусі, з якога ідуць пастаўкі ў РФ, стане на рамонт. Таксама планавыя тэхнічныя працы прызначаныя на некалькіх буйных расійскіх заводах.