Расіянін здзівіўся стэнду аб гісторыі горада ў музеі Мінска
1- 20.08.2026, 22:29
- 1,282
Па-руску — «кампліменты Расіі», па-англійску — «анексія».
Турыст з Расіі Аляксей Бондарэў, наведваючы ў Мінску музей, заўважыў незвычайны стэнд. На ім апавяданні пра перыяды з гісторыі горада былі на трох мовах — беларускай, англійскай і рускай. Расіянін звярнуў увагу на тое, што тэксты былі не зусім ідэнтычныя, асабліва вылучаўся англамоўны варыянт, перадае «Зеркало».
Які гэта музей, Аляксей не называе. Сваё відэа ён зняў каля стэнда «Мінск у канцы ХІХ стагоддзя».
«Заўважыў тут, як незвычайна перакладзеная адна і тая ж таблічка на рускую і англійскую мовы», — кажа ён.
Далей блогер чытае пачатак варыянту па-англійску і перакладае яго:
«Мінск быў анексаваны Расіяй у 1793 годзе як вынік другога падзелу Польшчы (тут недакладнасць у арыгінальным тэксце, ідзе гаворка пра Рэч Паспалітую. — Заўв. рэд.). У 1796 годзе ён стаў цэнтрам Мінскай губерні, і ўсе старажытныя назвы вуліц былі замененыя на рускія назвы».
У рускамоўным жа варыянце такога ўступу няма, працягвае Аляксей. Тэкст адразу пачынаецца з таго, што «дзякуючы правядзенню Лібава-Роменскай (1874) і Маскоўска-Брэсцкай (1871) чыгунак Мінск у канцы XIX стагоддзя ператварыўся ў гандлёва-прамысловы цэнтр усяго Паўночна-Заходняга краю». Гэта ж частка ёсць і ў англамоўным варыянце, але пасля прачытаных мужчынам радкоў.
«Ляпота. Галоўнае — сумленна», — каротка падсумаваў Аляксей з усмешкай, не ўдакладніўшы, як ставіцца да прачытанага.
У каментарыях аказалася нямала беларусаў: адны хвалілі англамоўны варыянт, другія ўдакладнялі, што краіна ўсё ж была саюзам ВКЛ і Польшчы, трэція выказвалі ўпэўненасць, што таблічку цяпер заменяць.
«Ну хоць па-англійску праўда напісаная».
«Ой, блін, ужо лепш тое, што напісана па-руску… Другі падзел Рэчы Паспалітай!!!, а не Польшчы».
«Добра, што ў падручніках хоць не ўтойваюць, што гэта падзел Рэчы Паспалітай, ды паўстанне XIX стагоддзя падаецца як беларуска-польскае)».
«Да экстраннага перапісвання таблічкі 3… 2… 1…»
Каментавалі пост і расіяне, прычым некаторыя — з вялікім сарказмам:
«Прадпалажу, што па-англійску таблічка ўводзіла ў пачатковы экскурс. А рускія і беларускія таблічкі апускаюць гэты момант, бо аўтары, магчыма, мяркуюць, што носьбіты гэтых моў і так гэта ведаюць».
«Ну а як вы думалі, украінцы даведаліся, што гэта яны насамрэч выкопалі Чорнае мора і пабудавалі егіпецкія піраміды, усё дрэннае — гэта Расія, а фабрыкі і заводы — гэта іншапланецяне».
«Яркі прыклад — і нашым, і вашым за рубель станцуем».
«Мастацтва сядзець адной сракай на некалькіх крэслах».
«Мастацтва сядзець пад акупантамі і выжываць», — адказала адна з карыстальніц на апошні каментар.
Падзелы Рэчы Паспалітай — тры этапы ліквідацыі саюза Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы ў 1772, 1793 і 1795 гадах. У выніку тэрыторыя сучаснай Беларусі цалкам была анексавана Расійскай імперыяй. Як следства, былі скасаваныя мясцовыя законы, у тым ліку першая ў Еўропе і даволі прагрэсіўная Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, пачалася русіфікацыя.