Сабаленка нарвалася на гнеў балельшчыкаў пасля скандальнага ўчынку ў Цынсінаты
- 20.08.2026, 23:31
- 1,454
Фота: Getty Images
Аматары тэніса патрабуюць пакараць беларуску за неспартыўныя паводзіны.
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка разгневала балельшчыкаў пасля скандальнага ўчынку на Мастэрсе ў Цынсінаты. Прыхільнікі тэніса лічаць, што першая ракетка свету не ўмее спраўляцца з паражэннямі і патрабуюць пакарання за яе паводзіны.
Падчас другога сэта паядынку 1/8 фіналу супраць прадстаўніцы Чэхіі Сары Бэйлек, якая займае 35-е месца ў рэйтынгу WTA, саступаючы, Сабаленка вырашыла выліць сваю злосць на хлопцу, які падаваў мячы.
Да таго часу беларуска ўжо прайграла першы сэт, а ў першым гейме другога сэта саступала 15:40 на сваёй падачы. І ў гэты момант Сабаленцы здалося, што болбой нібыта занадта доўга падаваў ёй мяч. У выніку яна з незадаволеным выразам твару адбіла мяч ракеткай назад і звярнулася да іншага болбоя.
Sabalenka is so disrespectful towards ball kids pic.twitter.com/YJfsbXL6ok
— Corvath Draemir (@Archaicmind3000) August 20, 2026
Гэты ўчынак беларускі выклікаў вялікую колькасць каментарыяў у Сеціве. Шматлікія балельшчыкі раскрытыкавалі яе за непаважлівае стаўленне да тых, хто падае мячы.
«Гэта трэба лічыць неспартыўнымі паводзінамі, стратай ачка; гэта груба адносна дзіцяці і груба адносна тэніса. Яна жудасна дрэнна пераносіць паражэнні».
«Яна жудасна непрыемная. Фальшывыя воклічы пры ўдары па мячы, грубыя паводзіны адносна саперніц і тых, хто падае мячы, а потым фальшывы гумар і «любоў да ўсіх» у інтэрв'ю. Проста ліцемерка».
«Сабаленка — гучная, буяная, пераацэненая, нахабная і невыхаваная. Яна аказвае мядзведжую паслугу гэтай высакароднай гульні. Яе трэба як мага хутчэй прыбраць далей ад тэніснага тура».
«Федэрэр і Надаль ніколі б так не зрабілі. Вядома, яна злуецца, на яе кладзецца велізарны ціск. Але на яе ўзроўні апраўданняў няма. Успомніце Роджэра і Рафу. Гэта выглядае зусім дрэнна».
«Калі яна выйграе — вар'яцка шчаслівая, калі прайграе — паводзіць сябе, як маленькае дзіця», — пішуць у каментарах.
Матч паміж Сабаленкай і Бэйлек скончыўся паразай беларускі ў двух сэтах 6:7, 4:6 і сенсацыйным выбыццём у 1/8 фіналу. Ужо па выніках турніру ў Цынсінаты яна можа страціць званне першай ракеткі свету, калі прадстаўніца Казахстана Алена Рыбакіна, якая займае другую пазіцыю ў рэйтынгу, дойдзе да фіналу.