Амаль палова беларусаў працягвае працаваць падчас адпачынку
- 21.08.2026, 13:13
Названыя некалькі прычын.
Каля 43% беларусаў вымушаныя вырашаць працоўныя задачы падчас свайго адпачынку. Пра гэта сведчаць даныя свежага даследавання сэрвісу rabota.by, адзначае Office Life.
У апытанні ўзялі ўдзел амаль 700 рэспандэнтаў. Асноўнай прычынай працы падчас адпачынку кожны трэці назваў спецыфіку сваёй прафесійнай сферы. Яшчэ 21% беларусаў сказалі, што ў адпачынку дапамагаюць калегам, а 18% заявілі, што працаваць іх прымушае кіраўніцтва.
Цікава, што для 8% супрацоўнікаў проста прыемна выконваць задачы ў спакойным рэжыме, 6% прызналіся, што на адпачынку ім становіцца банальна сумна, а 5% проста не паспелі закрыць усе «хвасты» да пачатку адпачынку.
З-за неабходнасці заставацца на сувязі паўнавартасна адпачыць удаецца далёка не ўсім: з абноўленымі сіламі з адпачынку вяртаюцца толькі 56% рэспандэнтаў. Пры гэтым аналітыкі зафіксавалі выразную ўзроставую дынаміку. Хутчэй і лепш за ўсіх аднаўляецца моладзь ва ўзросце ад 14 да 25 гадоў (70% тых, хто адпачыў), у той час як у катэгорыі супрацоўнікаў старэйшых за 46 гадоў гэты паказчык падае да 41%.
Складанымі для беларусаў застаюцца і першыя працоўныя дні пасля адпачынку — амаль палова апытаных (48%) адчувае сур'ёзныя цяжкасці пры вяртанні да абавязкаў. Галоўнымі трыгерамі яны называюць неабходнасць зноў рана прачынацца (52%), экстраннае падключэнне да тэрміновых задач (43%) і разбор назапашанай руціны (39%).