Караеў выдаў дзіўную прамову пра настаўнікаў
3- 22.08.2026, 8:49
- 2,504
Цяпер яны павінны займацца «дэмаграфіяй».
У Гродне прайшла абласная канферэнцыя кіраўнічых работнікаў і педагогаў сістэмы адукацыі з удзелам мясцовых уладаў і міністра адукацыі.
Як піша прапраўладная «Гродзенская праўда», звяртаючыся да педагогаў, што сабраліся ў зале, кіраўнік вобласці Юрый Караеў падкрэсліў значнасць і незамяняльнасць іх прафесіі.
І трэба адзначыць, зрабіў чыноўнік гэта ў выглядзе настаўленняў, здольных здзівіць настаўнікаў, якія за дзесяцігоддзі працы ў адукацыі шмат чаго пабачылі, піша «Салідарнасць».
— Ваша прафесія — ключавая ў сістэме нацыянальнай бяспекі. Хачу адзначыць некалькі накірункаў, на якія варта звярнуць асаблівую ўвагу, — заявіў Караеў. — Па-першае, дэмаграфічнае пытанне. Прасоўванне інстытута сям’і, адказнага мацярынства, паўнавартаснага дзяцінства. Па-другое, нам усімі сіламі трэба захоўваць вёскі. І, нарэшце, — стымуляванне вучняў да выбару рабочых прафесій. У сённяшніх рэаліях механізатары, ветэрынары і слесары патрэбныя нам больш, чым юрысты і эканамісты.
Рэбус ад кіраўніка вобласці атрымаўся яшчэ той. Ад людзей, якім у апошнія гады даводзіцца ўцягваць дзяцей у дарослыя гульні са зброяй, патрабуецца вырашыць дэмаграфічнае пытанне.
Ад іх жа хочуць ідэяў і дзеянняў па захаванні вёсак, з якіх ветэрынары і механізатары ўцякаюць зусім не таму, што іх калісьці недастаткова матывавалі ў выбары прафесіі.
Але ці варта здзіўляцца такім непрафільным нагрузкам, калі на нашых вачах армія ператвараецца ў лагер па перавыхаванні нядбайных калгаснікаў?