Гэта Расія, сыночак
1- Дзмітрый Чарнышэў
- 24.08.2026, 9:11
- 2,618
Тут няма варыянтаў «захавацца» і «пачаць узровень спачатку».
Расійская прапаганда кліча на вайну, як на нейкі квэст — рэклама кантракту, знятая ў эстэтыцы шутэра, прызавыя ачкі за падбітыя адзінкі тэхнікі, прэмія за падпісанне кантракту, узнагароды за праходжанне розных узроўняў. Давайце паспрабуем папрацаваць з гэтай «гульнявой» метафарай.
Квэст можна праходзіць на розных узроўнях. Можна на самым лёгкім — дэпутацкім. З'ездзіў у бок лініі фронту, папіў гарэлкі пару тыдняў у штабе, сфатаграфаваўся з аўтаматам у руцэ і вярнуўся з ордэнам і пасведчаннем удзельніка баявых дзеянняў. Можна паспрабаваць прайсці на сярэднім узроўні. Нарадзіўся ў Маскве, у бацькоў ёсць нейкія грошы і сувязі, яны могуць прыстроіць у бяспечным месцы. А можна праходзіць квэст у хардкорным рэжыме. Нарадзіўся ў Бураціі, у дэпрэсіўным манагарадзе, дзе ёсць два асноўныя працадаўцы — турма і ваенкамат. Сям'я бярэ чацвёрты крэдыт, каб хоць як-небудзь выплачваць працэнты па першых трох. Сардэчна запрашаем у штурмавікі, сыночак.
Расійскі квэст для мужчыны — гэта не аднаразовая гульня, гэта ланцуг даўжынёю ў жыццё. І трапіць у пекла можна на любым этапе. Дзве асноўныя пасткі — вясновы і восеньскі прызыў. І каб іх пазбегнуць, ёсць усялякія «скрыні» і «аптэчкі» — вучоба ў ВНУ, пакупка медыцынскай даведкі або сыход з-пад радараў — нідзе не свяціцца, жыць у глушы. А ёсць яшчэ мабілізацыя, якую ніхто не адмяняў.
На гэтым полі ёсць «чорныя» палі, адкуль гулец з вельмі вялікай верагоднасцю трапіць у мясарубку: крайне не рэкамендуецца трапляць у турму, заходзіць у ваенкамат (проста прыйдзі ўдакладніць даныя, сыночак), набіраць крэдыты. Не рэкамендуецца слухаць патрыятычных настаўнікаў, «герояў вайны», рэкрутараў, сваякоў, напампаваных тэлевізарам — маўляў, так лепей, чым ад гарэлкі і прастуд. Якія б глупствы яны вам ні казалі: «Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць», «ты ж мужчына, а значыць — абаронца», «сорамна ўцякаць» або «ідзі — добрыя грошы даюць».
Насамрэч гэта зусім не гульня. Тут няма варыянтаў «захавацца» і «пачаць узровень спачатку». Бо вам можа не пашанцаваць, і вас заб'юць не адразу. А вы будзеце доўга і пакутліва паміраць у нейкім акопе, затопленым дажджамі. Бо ўсім на вас начхаць, і, магчыма, нават вашыя сваякі ніякіх грошай не атрымаюць — вас проста абвесцяць дэзерцірам. Ці вы вернецеся дадому без рук або без ног, і ў тыле на вас таксама будзе ўсім начхаць. Гэта Расія, сыночак.
Гэта не гульня. Гэта тэст на інтэлект. І калі ў вас ёсць хоць крыху мазгоў, дарагія расіяне, ні пры якіх абставінах не ідзіце на фронт. Рабіце што хочаце — з'язджайце, кладзіцеся на дно, але не трапляйце ў гэтую мясарубку. Гэта Украіна ваюе за сваіх дзяцей і за сваю будучыню, а на Расію ніхто не нападаў, ёй нічога не пагражае, і вы проста здохнеце на фронце за х**ло.
Дзмітрый Чарнышэў, «Тэлеграм»