Галоўнага расійскага прапагандыста Дзмітрыя Кіселёва прыбралі з «Вести недели»
- 24.08.2026, 13:52
- 2,104
Гэтую праграму ён вёў з 2012 года.
Прапагандыст Дзмітрый Кіселёў перастане весці выніковую праграму «Вести недели» на тэлеканале «Россия». Яго месца зойме дэпутат Дзярждумы і тэлевядучы Яўген Папоў, паведаміла прэс-служба ВГТРК. Кіселёў вёў «Вести недели» з верасня 2012 года, паведамляе The Insider.
Пры гэтым Кіселёў застанецца на тэлеканале. З 6 верасня ён будзе весці новую штотыднёвую публіцыстычную праграму пад назвай «Кіселёў», у якой, як заяўляе ВГТРК, прадставіць «аўтарскі погляд» на галоўныя падзеі ў Расіі і свеце. Яна будзе выходзіць па нядзелях а 22:00.
Кіселёў таксама застаецца генеральным дырэктарам дзяржаўнай медыягрупы «Россия сегодня». ВГТРК не называе прычыны замены вядучага «Вести недели».
«Вести недели» — адна з галоўных прапагандысцкіх праграм расійскага дзяржаўнага тэлебачання. Перадача, што выходзіць па нядзелях, спалучае навінавыя сюжэты з палітычнымі каментарыямі і рэгулярна транслюе крэмлёўскія наратывы пра вайну супраць Украіны, Захад і ўнутраную палітыку Расіі. Кіселёў быў яе нязменным вядучым з 2012 года.
Пра звальненне Кіселёва з праграмы і яго замену на Папова мінулым тыднем паведаміў канал «ВЧК-ОГПУ». Таксама ён пісаў, што Кіселёў пазбавіцца пасады генеральнага дырэктара «Россия сегодня».