Беларусы Варшавы правялі акцыю памяці ахвяр сталінізму і нацызму
1- 24.08.2026, 17:08
Акцыя адбылася 23 жніўня.
Беларусы ў Варшаве сабраліся каля Катынскага помніка на Замкавай плошчы, каб ушанаваць памяць ахвяр масавых расстрэлаў і дэпартацый, каб ні адна ахвяра і ні адно злачынства, учыненае ў імя ідэалогіі, не былі забытыя, перадае «Радыё Рацыя».
Акцыю адкрыў ксёндз Вячаслаў Барок



«Касцёл прапануе будаваць сучаснае грамадства на каштоўнасцях праўды, справядлівасці і салідарнасці, бо гэта адпавядае канцэпцыі чалавечай годнасці і развіццю нацыі», — сказаў ён.
Паводле меркавання даследчыка сталінскіх рэпрэсій Ігара Станкевіча, рэжымы нацызму і сталінізму, або, хутчэй, камунізму, вельмі падобныя. Гэта жахлівыя сістэмы вынішчэння людзей або ператварэння іх у рабоў:



– Абодва рэжымы, нягледзячы на ідэалагічныя адрозненні, былі вельмі падобныя па метадах палітычнай барацьбы. Гэта падаўленне іншадумства, стварэнне лагераў — спачатку проста для рабочых, а потым лагераў смерці. І гэта культ лідара, гэта аднапартыйнае кіраванне — тое, што мы бачылі ў Германіі і ў Савецкім Саюзе. Адзінае, што я хацеў бы падкрэсліць, — што Савецкі Саюз у гэтай практыцы быў, хутчэй, старэйшым братам, бо яны пачалі ўсё гэта значна раней за Гітлера.



Паводле слоў арганізатара акцыі, лідара руху салідарнасці «Разам» Вячаслава Сівчыка, гэты дзень — «не толькі момант смутку, але і момант адказнасці за будучыню, у якой не будзе месца рэпрэсіям або пераследу па палітычных ці іншых прычынах».