Пуцін тэрмінова змяніў свой працоўны графік на аўторак
2- 25.08.2026, 18:54
- 2,294
Дыктатар РФ адмяніў усе мерапрыемствы з-за візіту дырэктара ЦРУ.
Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін тэрмінова змяніў свой працоўны графік на аўторак на фоне магчымaга візіту кіраўніка ЦРУ Джона Рэткліфа. Запланаванае на гэты дзень маштабнае мерапрыемства, падрыхтоўкай якога займаліся сотні чалавек, было перанесена за некалькі дзён да яго правядзення, паведаміў карэспандэнт крамлёўскага пула Аляксандр Юнашэў. Паводле яго слоў, крыніцы пацвердзілі яму інфармацыю пра прыбыццё ў Маскву дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа. Пра візіт Рэткліфа ў Маскву раней паведаміла карэспандэнтка CBS News Джэніфер Джэйкабс са спасылкай на крыніцы. Паводле іх звестак, кіраўнік ЦРУ ў аўторак павінен правесці ў расійскай сталіцы сустрэчы з прадстаўнікамі расійскіх уладаў.
Перад паездкай Рэткліфа ЗША паведамілі Украіне пра візіт высокапастаўленай амерыканскай дэлегацыі ў Маскву і папрасілі прыпыніць удары на час яе знаходжання ў расійскай сталіцы, паведаміў Axios са спасылкай на крыніцу.
У Маскву прыбыў амерыканскі ваенна-транспартны самалёт, які, меркавана, даставіў кіраўніка ЦРУ. Boeing C-17 Globemaster III ВПС ЗША вылецеў з ЗША ў нядзелю і спачатку прыбыў у Рыгу. У аўторак ён адправіўся са сталіцы Латвіі ў Маскву. Паводле дадзеных Flightradar24, амерыканскі C-17 раніцай прызямліўся ў маскоўскім аэрапорце Внукава. Пасля прыбыцця амерыканскага борта ў Маскве заўважылі аўтамабільны картэж з нумарамі амерыканскіх дыпламатаў.
Прэс-сакратар дыктатара РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі не валодаюць інфармацыяй пра амерыканскі ваенны самалёт, які прыбыў у Внукава. Прадстаўнікі Міністэрства абароны ЗША, Белага дома, пасольства ЗША ў Маскве і пасольства Расіі ў Вашынгтоне аператыўна не адказалі на пытанні пра мэты рэйса.
Калі візіт Рэткліфа пацвердзіцца, ён стане першым візітам дырэктара ЦРУ ў Расію пасля пачатку вайны з Украінай. Папярэдні візіт кіраўніка амерыканскай разведкі ў Маскву адбыўся ў лістападзе 2021 года. Тады дырэктар ЦРУ Уільям Бёрнс правёў перамовы і папярэдзіў кіраўніцтва Расіі пра тое, што ЗША валодаюць інфармацыяй пра падрыхтоўку ўварвання ва Украіну.