Уначы над Гомельшчынай лятаў рэактыўны дрон
- 31.08.2026, 12:39
Тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца для ўдараў па Украіне.
У ноч на 31 жніўня расійскі рэактыўны беспілотнік выкарыстаў паветраную прастору Беларусі для атакі на Украіну. А 02:30 украінскі маніторынгавы канал паведаміў, што дрон рухаецца курсам на Тэрюху Гомельскага раёна, заляцеўшы з тэрыторыі Украіны, піша «Флагшток».
Гэты ж дрон праз некалькі хвілін ужо накіроўваўся на Рэчыцу, затым — на Васілевічы. А 02:44 — у бок Нараўлі.
А 02:53 беспілотнік ужо манеўраваў у раёне Нараўлі, з-за чаго ў Жытомірскай вобласці абвясцілі паветраную трывогу.
Але, відаць, гэты БПЛА накіраваўся ў іншы бок: каля 3-й гадзіны ночы ён вылятаў з Беларусі ў Украіну курсам на зону адчужэння ў Кіеўскай вобласці.
Папярэдні залёт расійскага рэактыўнага дрона на Гомельшчыну фіксаваўся раніцай 29 жніўня. А да таго, у ноч на 22 жніўня, над рэгіёнам кружыла «Бандэроль», так і не вылецеўшы ў Украіну.
14 жніўня ўначы фіксаваўся залёт, а ўдзень — вылет расійскага БПЛА з тэрыторыі Чарнобыльскай зоны Беларусі на Кіеўшчыну.
Больш цягам месяца паведамленняў на маніторынгавых каналах пра парушэнне паветранай прасторы Беларусі не было. Але палёты дронаў назіралі жыхары Гомельшчыны.
20 жніўня ў Цэнтральным раёне Гомеля каля 05:25 чулі нетыповыя вельмі гучныя гукі ў небе. Зыходзячы з апісанняў відавочцаў, можна меркаваць, што фіксаваўся гук пралёту дрона і выбух, альбо пралёт знішчальніка.
Увечары 25 жніўня жыхары Жлобіна чулі гучны характэрны гук і выказалі здагадку, што над горадам пралятаў рэактыўны дрон. У той жа вечар назіралі знішчальнік, які пралятаў нізка — над цэхамі Беларускага металургічнага завода і ў цэнтры горада.
Такім чынам, як мінімум 7 расійскіх БПЛА заляталі ў Гомельскую вобласць на працягу жніўня.
Рэальная колькасць пралётаў над тэрыторыяй Гомельскай вобласці можа быць у разы большай. Пры пераходзе на рэактыўныя рухавікі БПЛА, верагодна, адбылося скарачэнне колькасці фіксацый пралётаў. Такія дроны з-за большай хуткасці знаходзяцца ў палёце менш часу, яны пазбаўленыя характэрнага гуку «як у мапеда».