У Чорным моры дроны атакавалі турэцкае грузавое судна
2- 4.08.2026, 13:09
- 2,080
Ёсць пацярпелыя.
У Чорным моры, прыблізна за 55 кіламетраў ад Наварасійска, удзень у панядзелак пад удар дрона трапіў турэцкі сухагруз-ролкер, які перавозіў садавіну і гародніну з турэцкага Самсуна ў Расію. Пра гэта паведаміла турэцкае агенцтва İhlas Haber Ajansı (IHA).
Паводле апублікаваных відэазапісаў, у выніку атакі на судне ўспыхнуў пажар, чацвёра маракоў атрымалі раненні, у тым ліку трое грамадзян Турцыі. Капітан судна Ялчын Шахін, якое выданне ідэнтыфікавала як «Надежда» (Nadhezna), заявіў, што па сухагрузе нанеслі ўдар шэсць або сем украінскіх дронаў. Паводле капітана, расійскія вайсковыя караблі не змаглі падысці да атакаванага судна для аказання дапамогі з-за працяглай атакі дронаў — увесь гэты час экіпаж самастойна спрабаваў змагацца з пажарам.
Генеральнае ўпраўленне па марскіх справах Мінтрансу Турцыі пацвердзіла факт атакі на судна «Надежда» з экіпажам з 22 чалавек. Паводле папярэдніх даных ведамства, пашкоджанні атрымалі жылыя памяшканні і насовая частка сухагруза, а да вечара 3 жніўня пажар на борце ўсё яшчэ працягваўся. Маракоў удалося эвакуіраваць у порт Наварасійска на расійскіх судах. «Паводле папярэдняй інфармацыі, стан трох чалавек можа быць цяжкім», — гаворыцца ў заяве турэцкага ведамства.
Паводле даных адкрытых суднавых баз, атакаванае судна з нумарам IMO 7702657 ходзіць пад сцягам Камеруна і звычайна выконвае рэгулярныя рэйсы паміж Самсунам і Наварасійскам.
Пры гэтым турэцкае марское ведамства прывяло даныя, што разыходзяцца са звесткамі IHA: паводле яго версіі, «Надежда» на момант атакі накіроўвалася з Наварасійска ў Самсун, а не ў адваротным кірунку, а сам удар адбыўся на адлегласці каля 37 км ад расійскага порта.
Пацярпелы ролкер даўжынёй 119 метраў, прызначаны для перавозкі аўтамабіляў, грузавікоў і кантэйнераў, быў пабудаваны ў Даніі яшчэ ў 1978 годзе — тады судна насіла назву Amazon. Судна, пазней перайменаванае ў «Надежда», раней абвінавачвалася ўкраінскім бокам у транспартаванні збожжа з акупаваных гарадоў Бердзянска, Керчы і Севастопаля, у сувязі з чым у лістападзе 2025 года супраць яго былі ўведзены санкцыі.