Лукашэнка захацеў адкрыць у Беларусі яшчэ адзін універсітэт
11- 4.08.2026, 13:00
- 3,060
Новая ВНУ ўжо атрымала гучную назву.
Кіраўнік Аляксандр Лукашэнка зноў падняў тэму стварэння новай ВНУ ў Беларусі. Гэтым пытаннем прысвяцілі спецыяльную нараду, паведамляе прэс-служба дыктатара.
Новую навучальную ўстанову плануюць назваць Акадэміяй інтэлектуальных тэхналогій. Паводле слоў Лукашэнкі, яна павінна займацца стварэннем «таго, што спатрэбіцца заўтра і паслязаўтра», а таксама забяспечыць «якасны прарыў у працы з адоранай моладдзю і не толькі моладдзю».
«Гаворка ідзе пра стварэнне кардынальна новага адукацыйнага асяроддзя — гнуткага, міждысцыплінарнага, арыентаванага на вынік і інтэграванага ў рэальныя эканамічныя працэсы. І ў першую чаргу — пад патрэбы нашай краіны. Менавіта таму наспела неабходнасць стварэння новага ўніверсітэта — універсітэта будучыні», — заявіў дыктатар.
Паводле яго слоў, нельга дапусціць, каб акадэмія ператварылася ў шараговую ВНУ і ў звычайнага «пастаўшчыка дыпломаў». Там хочуць рыхтаваць спецыялістаў, здольных ствараць уласныя рашэнні ў галіне штучнага інтэлекту, новых матэрыялаў, лічбавай прамысловасці і квантавых тэхналогій.
Пры гэтым рэжым пакуль не вызначыўся нават з тым, каго менавіта будуць навучаць у новай навучальнай установе.
«Маладыя, зусім юныя, зусім дарослыя ці пенсіянеры — з гэтым мы павінны вызначыцца», — сказаў Лукашэнка.
Не зразумелым застаецца і пытанне фінансавання чарговага праекта.
«Галоўнае не тое, што мы можам — ды мы ўсё зможам, — а ці трэба нам гэта? Ці варта нам сёння траціць на гэта грошы? Вось гэта галоўнае», — заявіў дыктатар.