Лукашэнка вырашыў дабіць прыватную адукацыю ў Беларусі
- 10.09.2026, 12:47
- 1,648
Кіраўнік заклікаў «паставіць кропку».
Лукашэнка на чарговай нарадзе 10 верасня ў звыклай манеры запатрабаваў «паставіць кропку» ў пытанні ліцэнзавання адукацыі — то бок канчаткова закруціць гайкі там, дзе яшчэ захоўвалася хоць якая прыватная ініцыятыва ў гэтай сферы.
«Падкрэслю, даналаджваем, а не закручваем гайкі, як часам спрабуюць гэта падаць несумленныя СМІ або ўцёкшыя за мяжу псеўдаэксперты. Ні ў якім разе не трэба лішне азірацца па баках. Трэба рабіць тое, што выгадна нашай дзяржаве. Вядома, меркаванні мы заўсёды будзем улічваць», — заявіў Лукашэнка.
Далей — без абінякоў, прамае патрабаванне канчаткова вырашыць пытанне з ліцэнзаваннем:
«Галоўнае патрабаванне ў дадзеным пытанні — абараніць нашых дзяцей ад усякага роду прахадзімцаў, забяспечыць роўныя ўмовы працы як для дзяржаўных, так і для прыватных суб'ектаў», — сказаў дыктатар.
«Роўныя ўмовы», пра якія кажа Лукашэнка, у беларускіх рэаліях найчасцей азначаюць адно: прыватным рэпетытарам і школам давядзецца гуляць паводле правілаў, якія піша выключна рэжым.
Не абышлося і без ідэалагічнай рамкі — адукацыя, паводле слоў Лукашэнкі, гэта сфера «дзяржаваўтваральная», а значыць, рэгулявацца яна будзе «з улікам нацыянальных інтарэсаў».
Нагадаем, раней на грамадскае абмеркаванне вынеслі законапраект аб самастойнай прафесійнай дзейнасці па навучанні дзяцей, які прадугледжваў, у тым ліку, стварэнне спецыяльнага рэестра для рэпетытараў — па сутнасці, інструмента для татальнага ўліку і кантролю тых, хто зарабляе прыватным выкладаннем.