У Беларусь прыбыў новы пасол Швейцарыі
- 10.09.2026, 15:09
Раней ён працаваў у Расіі і Украіне.
Новы пасол Швейцарыі ў Беларусі Штэфан Эстэрман прыбыў на месца прызначэння. Пра сваё прыбыццё дыпламат паведаміў у відэазвароце, апублікаваным на старонцы пасольства ў «Фэйсбуку».
Паводле яго слоў, яны з жонкай былі «цёпла прыняты і адразу адчулі сябе як дома». «Я з нецярпеннем чакаю пачатку сваёй новай працы, цікавых знаёмстваў і зносін», — дадаў пасол.
Эстэрману 58 гадоў, у знешнепалітычным ведамстве Швейцарыі ён працуе з 1996 года. За гэты час паспеў папрацаваць ва Украіне і Расіі, а таксама займаў пасаду кіраўніка апарату міністэрства.
З 2014 па 2018 год ён узначальваў дыпламатычную місію ў Харватыі, а з 2022 па 2026 год — у Грэцыі. Акрамя роднай нямецкай, свабодна валодае французскай, англійскай, чэшскай і рускай мовамі.