У Пуціна зрабілі заяву пра інцыдэнт з самалётам Зяленскага ў Малдове
- 10.09.2026, 15:22
- 2,112
Пяскову прымроілася «пашырэнне вайны».
Самалёт украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага нібыта не падвергся пагрозе з боку беспілотніка падчас вылету з Кішынёва.
Пра гэта заявіў прэс-сакратар расійскага дыктатара Дзмітрый Пяскоў, паведамляе ТАСС.
Паводле яго, Украіна нібыта працягвае звяртацца да розных правакацый, спрабуючы «ўцягнуць сваіх заходніх куратараў у вайну».
«Што да эфемернай пагрозы для самалёта, дык яе не было. Гэта прызналі самі ўкраінцы», — заявіў Пяскоў.
Інцыдэнт з самалётам Зяленскага
Нагадаем, пра інцыдэнт з самалётам Зяленскага на шляху ў Нарвегію паведаміў прэм’ер-міністр краіны Ёнас Гар Стёрэ. Ён заявіў, што самалёт украінскага прэзідэнта «ледзь не быў збіты беспілотнікам падчас узлёту з Малдовы».
Урад Малдовы пацвердзіў, што вылет Зяленскага з іх краіны ў Нарвегію 8 верасня адбыўся з затрымкай з-за расійскага дрона ў паветранай прасторы краіны.
Дазвол на вылет быў дадзены пасля таго, як стала вядома, што расійскі дрон упаў і выбухнуў паблізу вёскі Старыя Міхайлены ў Рышканскім раёне. Месца падзення знаходзілася каля 160 км ад міжнароднага аэрапорта Кішынёва.
Усяго з-за паветранай трывогі ў аэрапорце затрымалі тры рэйсы на вылет і чатыры рэйсы на прыбыццё.
Акрамя таго, пасол Малдовы ў ЗША Уладзіслаў Кульмінскі заявіў, што расійскі дрон, які парушыў паветраную прастору Малдовы, мог мэтанакіравана ляцець у кірунку самалёта прэзідэнта Украіны.