Жыхара Коста-Рыкі могуць прызнаць найстарэйшым у свеце
- 10.09.2026, 20:55
- 1,552
Сваім даўгалеццем мужчына абавязаны цалкам простым рэчам.
У Коста-Рыцы спрабуюць афіцыйна пацвердзіць узрост мясцовага даўгажыхара, які можа прэтэндаваць на сусветны рэкорд.
Хасэ Флорэсу 119 гадоў. Паводле яго пасведчання асобы, мужчына нарадзіўся 11 ліпеня 1907 года. Калі гэтыя даныя пройдуць праверку, ён зможа атрымаць званне найстарэйшага чалавека на планеце сярод тых, хто жыве цяпер, паведамляе Reuters.
Цяпер рэкорд належыць брытанцы Этэль Катэрхэм. У жніўні ёй споўнілася 117 гадоў.
Каб упэўніцца ва ўзросце Флорэса, спецыялісты вывучаюць яго пасведчанні аб нараджэнні і хрышчэнні, а таксама іншыя дакументы розных гадоў.
Сваё заключэнне павінны даць прадстаўнікі міжнародных арганізацый, у тым ліку Кнігі рэкордаў Гінеса.
Хасэ жыве ў Сардыналі на паўвостраве Нікоя. Гэта адна з пяці «блакітных зон» свету — месцаў, дзе людзі жывуць даўжэй і нярэдка дажываюць да 100 гадоў.
Мясцовыя жыхары звязваюць сваё даўгалецце адразу з некалькімі фактарамі. Яны п'юць багатую кальцыем і магніем ваду, ядуць шмат кукурузы і бабовых, шмат працуюць фізічна і падтрымліваюць цесныя сувязі з роднымі.
Шмат што з гэтага супадае з ладам жыцця самога Флорэса. Усё жыццё ён працаваў у сельскай мясцовасці, а яшчэ ў яго вялікая сям'я: восем дзяцей, 23 унукі, 25 праўнукаў і адна прапраўнучка.
Цяпер будні коста-рыканскага даўгажыхара праходзяць спакойна і мерна. Ён любіць успамінаць гісторыі са свайго жыцця, жартуе і часам нават спаборнічае з унучкай у армрэстлінгу.