11 верасня 2026, Пятніца, 12:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Японія запатрабавала змяніць новую мапу свету

Японія запатрабавала змяніць новую мапу свету

З-за пазначэння Курылаў.

Японія запатрабавала змяніць новую мапу свету ў праекцыі Equal Earth, за выкарыстанне якой раней прагаласавала Генеральная Асамблея ААН. Токіа абурыла тое, што спрэчныя астравы паўднёвай часткі Курыльскай грады пазначаныя на мапе тым самым колерам, што і Расія, паведамляе «Радыё Свабода».

Японія была сярод 164 краін, што падтрымалі рэзалюцыю. Украіна ўвайшла ў лік шасці тых, хто ўстрымаўся: Кіеў заявіў, што на мапе анексаваны Расіяй Крым пазначаны колерам, які адрозніваецца ад астатняй тэрыторыі Украіны, і папярэдзіў, што падобнае адлюстраванне стварае небяспечны прэцэдэнт. Супраць рэзалюцыі прагаласавалі ЗША.

Афіцыйны прадстаўнік урада Японіі Мінору Кіхара заявіў у чацвер, 10 верасня, што мапа «змяшчае выяву, якая супярэчыць пазіцыі ўрада Японіі».

«Мы накіравалі пратэст аператару сайта, які размясціў мапу, па дыпламатычных каналах, запатрабавалі выправіць гэтую выяву», — сказаў Кіхара. Паводле яго слоў, Токіа лічыць неабходным не дапусціць распаўсюджвання «няправільных уяўленняў» аб прыналежнасці тэрыторый і геаграфічных назвах.

Генасамблея ААН 4 верасня падтрымала рэзалюцыю з заклікам выкарыстоўваць праекцыю Equal Earth замест традыцыйнай праекцыі Меркатара. У ААН заявілі, што яна дазваляе дакладней адлюстроўваць рэальныя суадносіны плошчаў кантынентаў: у прыватнасці, Афрыка выглядае значна большай, а Паўночная Амерыка і Еўропа — меншыя, чым на звыклых мапах у праекцыі Меркатара.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках