Лукашэнка назваў дату прыезду Коула ў Беларусь
2- 11.09.2026, 19:38
- 1,454
ФОТА: REUTERS
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША мае намер дамагацца вызвалення новай групы беларускіх палітвязняў.
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коул павінен прыехаць у Беларусь 15 верасня, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Раней СМІ паведамлялі, што візіт Коула планаваўся на 14 верасня.
Разважаючы пра кантакты з Вашынгтонам і перспектывы «вялікай здзелкі» з ЗША, Лукашэнка згадаў Джона Коула як «лепшага сябра» Дональда Трампа і сказаў, што той «пятнаццатага павінен прыехаць да нас».
Да гэтага крыніцы карэспандэнта «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода» Алекса Рауфоглу, знаёмыя з падрыхтоўкай візіту, называлі іншую дату, на дзень раней — 14 верасня. Паводле іх звестак, Коул мае намер дамагацца вызвалення новай групы беларускіх палітвязняў.
Сам спецпасланнік Трампа раней пацвердзіў, што разлічвае на новыя вызваленні прыблізна ў сярэдзіне верасня. Ён нагадаў, што ЗША ўжо дамагліся вызвалення пяцісот вязняў, а пасля яшчэ каля двухсот — паводле ўказаў аб «памілаванні», падпісаных Лукашэнкам.
«Дык што рэальная лічба складае прыблізна 700–800 чалавек. Спадзяюся неўзабаве давесці яе да тысячы. <�…> Наколькі мне вядома, амаль усе найбольш вядомыя вязні былі вызваленыя. Мне таксама ўдалося дамовіцца аб вызваленні многіх удзельнікаў падзеяў 2020 года, якія змаглі застацца ў Беларусі і вярнуцца дадому. Для мяне гэта было вельмі важна. Людзі вярнуліся дадому, да сваіх сем’яў. Гэта рэальны вынік, і гэтае пытанне па-ранейшаму застаецца часткай нашых перамоваў», — заявіў Коул.
Паводле дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», па стане на 11 верасня ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі 902 чалавекі.