У Латвіі спынілі аўтамабіль з сямю людзьмі без дакументаў
- 12.09.2026, 18:42
Яны прыйшлі з боку Беларусі.
У Латвіі затрымалі мужчыну, якога падазраюць у перавозцы людзей, што незаконна перасеклі беларуска-латвійскую мяжу. Пра гэта паведамляе «Зеркало» са спасылкай на Дзяржаўную памежную ахову краіны.
Інцыдэнт адбыўся ў пятніцу, 11 верасня, у Краслаўскім краі Латвіі. Падчас патрулявання ў Эзерніекскай воласці вайскоўцы Нацыянальных узброеных сіл Латвіі спынілі аўтамабіль Citroen, якім кіраваў грамадзянін гэтай краіны.

У машыне знаходзіліся сем чалавек. Паводле даных латвійскага боку, яны не мелі сапраўдных праязных дакументаў, віз або відаў на жыхарства. Як сцвярджаюць памежнікі, незадоўга да гэтага яны незаконна перасеклі мяжу з боку Беларусі.
У дачыненні да вадзіцеля ўзбуджана крымінальная справа. Яго падазраюць у незаконнай перавозцы людзей праз дзяржаўную мяжу ў перыяд дзеяння ўзмоцненага рэжыму яе аховы. За такое парушэнне заканадаўства Латвіі прадугледжвае крымінальную адказнасць.
Што да пасажыраў, адзначана, што памежнікі не дазволілі ім незаконна перасекчы мяжу. Што з імі адбылося далей, памежная служба не ўдакладняе.