Крэмль вырашыў прадаць Індыі самалёты, непрыдатныя для яе клімату
1- 12.09.2026, 21:43
- 2,340
Пры гэтым патэнцыйныя пакупнікі выглядаюць вельмі падазрона.
Расія заявіла пра маштабныя дамоўленасці па пастаўцы Індыі 85 пасажырскіх самалётаў Іл-114-300, якія дэ-факта немагчыма поўнацэнна эксплуатаваць у кліматычных умовах гэтай краіны. Пра гэта паведамляе выданне Defense Express.
Пра дамоўленасці расійская «Аб’яднаная авіябудаўнічая карпарацыя» паведаміла пасля выставы «Іннапрам», што праходзіла 6–9 верасня ў Екацерынбургу. У РФ іх прадставілі як «значны поспех» авіябудаўнічай галіны. Аднак, як адзначае выданне, фактычны змест дакументаў істотна адрозніваецца ад гучных заяў пра продаж 85 самалётаў.
У прыватнасці, з індыйскай Pinnacle Air быў падпісаны толькі дагавор аб намерах, згодна з якім кампанія ў далейшым яшчэ толькі павінна заключыць кантракты на 50 Іл-114-300. Астатнія 35 самалётаў фігуруюць у мемарандуме аб узаемаразуменні са Sleek Aviation. То бок цвёрдых кантрактаў на пастаўку самалётаў пакуль няма.
Пры гэтым патэнцыйныя пакупнікі выглядаюць вельмі падазрона. Так, кампанія Pinnacle Air, паводле даных яе сайта, налічвае ўсяго каля 30 супрацоўнікаў і займаецца чартарнымі перавозкамі, у прыватнасці прапануе палёты на бізнес-джэтах Gulfstream G200 і вінтавых самалётах Beechcraft King Air. Sleek Aviation, у сваю чаргу, не мае нават уласнага сайта, зарэгістраваных на сябе самалётаў або прыкметнай дзейнасці. Кампанія была заснаваная ў 2018 годзе.
«Такім чынам, верагоднасць таго, што Pinnacle Air і Sleek Aviation сапраўды могуць замовіць 50 і 35 Іл-114-300, выглядае больш чым сумнеўнай», — адзначае Defense Express, указваючы, што гаворка ідзе пра партыю самалётаў, якая абыдзецца ў мільярды долараў.
Пытанні ўзнікаюць і адносна здольнасці РФ выканаць такую замову. Першы серыйны Іл-114-300 у Расіі чакаюць толькі напрыканцы 2026 года — з трохгадовым спазненнем. А на разгортанне буйнасерыйнай вытворчасці, відавочна, спатрэбяцца гады.
Але самае цікавае ў гэтай гісторыі — нават не гэта. Аналітыкі звярнулі ўвагу, што Іл-114-300 наогул зусім не падыходзіць для індыйскага клімату.
У чэрвені расійскае агенцтва паветранага транспарту выдала сертыфікат, згодна з якім гэты самалёт цяпер дазволена эксплуатаваць пры тэмпературы ад -9 да +25 градусаў па Цэльсіі і на аэрадромах на вышыні не больш як 1000 метраў над узроўнем мора. Таксама забаронены палёты ва ўмовах абледзянення і навальніцы.
Для Індыі такія параметры з’яўляюцца асабліва праблематычнымі. На поўдні краіны нават узімку сярэднясутачная тэмпература не апускаецца ніжэй за +25 °C, ды і ў Дэлі дзённыя максімумы могуць дасягаць +25–32 °C цягам усяго года. То бок на палове тэрыторыі Індыі гэты самалёт нельга эксплуатаваць наогул, а на астатняй — хіба што ўначы і пры адсутнасці навальніц, якія часта здараюцца ў трапічным клімаце.