Германія плануе выдзеліць 3,4 млрд еўра на закупку ракет Tomahawk
- 14.09.2026, 11:19
Гэтая закупка забяспечыць ФРГ уласныя наземныя сродкі нанясення удараў на вялікія адлегласці.
Міністэрства абароны Германіі плануе выдзеліць амаль 3,4 млрд еўра на закупку крылатых ракет Tomahawk амерыканскай вытворчасці і пускавых установак Typhon.
Пра гэта гаворыцца ў ўнутраным дакуменце ўрада Германіі, з якім азнаёмілася выданне Politico.
Гэтая закупка забяспечыць Германію ўласнымі наземнымі сродкамі нанясення удараў на вялікія адлегласці для стрымлівання Расіі, а таксама, магчыма, дазволіць нямецкай прамысловасці далучыцца да ланцужка паставак ракет Tomahawk.
Абодва гэтыя крокі будуць спрыяць імкненню Берліна да большай аўтаноміі, хаця Вашынгтон захавае кантроль над адчувальнымі тэхналогіямі, а адносна вытворчай мадэлі ці размеркавання работ пакуль не дасягнута згода.
Пазначаная ў дакуменце лічба з’яўляецца бягучай ацэнкай міністэрства адносна агульных фінансавых патрэбаў для ажыццяўлення закупкі. Чакаецца, што яна будзе ўлічана пры падрыхтоўцы бюджэту Германіі на 2027 год, які цяпер прапрацоўваецца міністэрствам і парламентам.
Сума пакрые агульныя выдаткі на закупку і можа яшчэ змяніцца да прыняцця бюджэту і да канчатковага зацвярджэння закупкі ракет.
Зараз Германія не мае ўласных наземных сродкаў для нанясення ўдараў на вялікія адлегласці.
У 2024 годзе тагачасныя прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і канцлер Германіі Олаф Шольц дамовіліся, што амерыканскія войскі пачнуць разгартаваць у Германіі зброю далёкага радыусу дзеяння з 2026 года, у прыватнасці ракеты Tomahawk пад амерыканскім камандаваннем. Гэты план быў адменены дзеючым прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.
Паралельна з гэтым Берлін таксама настойваў на стварэнні ўласных магчымасцяў і ў 2025 годзе афіцыйна звярнуўся да Вашынгтона з прапановай аб набыцці пускавых устаноўак Typhon з ракетамі Tomahawk.
Прарыў адбыўся на саміце НАТА ў Анкары ў ліпені, калі Трамп і канцлер Фрыдрых Мерц дасягнулі прынцыповай дамоўленасці аб набыцці Германіяй гэтай зброі.
Пазней нямецкі ўрад заявіў, што Вашынгтон пагадзіўся санкцыянаваць продаж ракет Tomahawk і адпаведных наземных пускавых устаноўак Typhon, падкрэсліўшы пры гэтым, што дэталі яшчэ трэба ўзгадніць.
Перамовы таксама датычацца таго, хто менавіта будзе вырабляць ракеты.
У тым жа ўнутраным планавым дакуменце адзначана, што ўрад ЗША вылучыў «перспектыву прамысловага супрацоўніцтва» як частку запланаваных закупак.
Некалькі афіцыйных асоб з абедзвюх краін, дасведчаных у гэтым пытанні, паведамілі, што абмеркаванні ўключаюць магчымую сумесную вытворчасць і шляхі далучэння нямецкай прамысловасці да ланцужка паставак Tomahawk. Аднак, паводле слоў афіцыйных асоб, пакуль не ўзгоднены ні вытворчая мадэль, ні размеркаванне работ.
Галоўнае пытанне ў тым, у якой ступені еўрапейская прамысловасць зможа ўдзельнічаць у гэтым працэсе, пры гэтым Вашынгтон будзе захоўваць кантроль над адчувальнымі амерыканскімі тэхналогіямі і інтэлектуальнай уласнасцю.
Гэтыя абмеркаванні ўпісваюцца ў больш шырокія намаганні Германіі, накіраваныя на тое, каб еўрапейскія кампаніі ўдзельнічалі ў абслугоўванні зброі амерыканскай вытворчасці, а не проста набывалі яе.
Гэта ідэя набыла папулярнасць на фоне ціску на Вашынгтон у сувязі з папаўненнем уласных запасаў ракет, якія былі вычарпаныя ў выніку вайны супраць Ірана.
Паводле СМІ, урад Германіі разлічвае, што на стварэнне новага арсеналу дальнабойнай зброі, прызначанай для стрымлівання Расіі, спатрэбіцца амаль 12 млрд еўра.
Таксама нядаўна СМІ пісалі, што Вялікабрытанія і Германія да 2034 года плануюць стварыць высокадакладную ракету дальняга дзеяння, здольную паражаць мэты на адлегласці больш за 2 тысячы кіламетраў.