Літоўскія памежнікі збілі дрон з Беларусі
- 14.09.2026, 14:38
Беспілотнік спрабаваў даставіць партыю кантрабандных цыгарэт.
Пра перахоп чарговага беспілотніка з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі паведаміла 14 верасня Служба аховы дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы.
Дрон з грузам быў выяўлены познім вечарам 13 верасня паблізу вёскі Ута ў Шальчынінкайскім раёне — памежнікі пачулі характэрны гук і выкарысталі антыдронавае абсталяванне.

Пасля ўздзеяння беспілотнік разгарнуўся і паляцеў у бок мяжы. Неўзабаве ён зваліўся, а затым быў выяўлены на лузе каля вёскі Версекеле — прыблізна за 500 метраў ад мяжы.
Да дрона быў прымацаваны свёртак з 200 пачкамі цыгарэт Minsk Superslims з беларускімі акцызнымі маркамі і GPS-прыладай. Кошт цыгарэт з улікам падаткаў — 1 102 еўра.
Паведамляецца, што з пачатку года літоўскія памежнікі перахапілі 56 беспілотнікаў кантрабандыстаў. За ўвесь 2025 год было перахоплена 59 такіх дронаў, а ў 2024-м — 54.